Калегі Анны Паліткоўскай упэўненыя: следства не будзе шукаць замоўцы забойства


Заўтра, 12 снежня, распачнецца суд над арганізатарам забойства журналісткі, кіраўніком аператыўна-вышуковага ўпраўлення ГУУС Масквы, Дзмітрыем Паўлючэнкавым.

Паводле версіі следства, ён сачыў за Аннаю Паліткоўскаю, а потым перадаў інфармацыю іншым удзельнікам крывавага злачынства і даў забойцы зброю. Калегі журналісткі плануюць падаць на судзе хадайніцтва аб адмене дасудовай дамовы Паўлючэнкава са следствам, што змусіць яго назваць імя замоўцы. {movie}Прэс-канферэнцыя калегаў і сына Паліткоўскай|right|8012{/movie}

«Калі на ўзроўні следства не называюць замоўцы – ён належыць да самых недатыкальных асобаў у Расейскай Федэрацыі. Хоць, паводле майго суб’ектыўнага меркавання, сітуацыя змянілася і кіраўніцтву краіны хочацца ведаць, што рухала калісьці сацыяльна блізкім ім замоўцам гэтага злачынства», – мяркуе рэдактар «Новай газеты» Дзмітрый Муратаў.

Журналісты і блізкія Паліткоўскай падкрэсліваюць, што, хоць вызначэнне арганізатара і выканаўцаў забойства – доўгачаканы пазітыўны крок у гісторыі следства, толькі высвятленне асобы замоўцы і асуджэнне яго паставіць кропку ў гэтай справе.

Журналістку «Новай газеты» Анну Паліткоўскую забілі 7 кастрычніка 2006 года. Яна некалькі разоў выязджала ў зоны баявых дзеянняў. За серыю рэпартажаў з Чачэніі журналістку ўзнагародзілі прэміяй «Залатое пяро Расеі». Актыўны крытык дзейнай улады, яна дапамагала сваякам загінулых жаўнераў адстойваць свае правы ў судзе, праводзіла расследаванні выпадкаў карупцыі, дапамагала ахвярам тэракту на мюзікле «Норд-ост». Паліткоўскую спрабавалі забіць яшчэ ў 2004 годзе: атруцілі па дарозе ў Беслан, дзе яна хацела паспрыяць урэгуляванню сітуацыі. Следства цягнулася два гады. У лютым 2009 года ўсіх фігурантаў справы апраўдалі. У 2010-м з’явіліся новыя падазраваныя. Апроч Дзмітрыя Паўлючэнкава, следства лічыць беспасярэднім арганізатарам забойства Лом-Алі Гайтукаева, а выканаўцам – Рустама Махмудава.

«Мы мяркуем, што роля Паўлючэнкава значна большая за тую, пра якую ён распавёў. Мы таксама нязгодныя з дасудоваю дамоваю, бо ён не назваў імя замоўцы. Ён толькі сказаў пра палітычную матываванасць забойства. Зыходзячы з ягонай ролі, ён мусіў ведаць замоўцу і мусіць яго назваць», – кажа адвакатка сям’і Паліткоўскіх, Анна Ставіцкая.

Журналістку «Новай газеты» Анну Паліткоўскую забілі 7 кастрычніка 2006 года. Следства цягнулася два гады. У лютым 2009 года ўсіх фігурантаў справы апраўдалі. У 2010-м з’явіліся новыя падазраваныя. Апроч Дзмітрыя Паўлючэнкава, следства лічыць беспасярэднім арганізатарам забойства Лом-Алі Гайтукаева, а выканаўцам – Рустама Махмудава.

Усевалад Шлыкаў

belsat.eu

Стужка навінаў