{movie}Мытны камітэт Літвы пра чаргу на мяжы (аўдыё)|left|8008{/movie}Мытны камітэт Літвы пракаментаваў “Белсату” сітуацыю ў сувязі з нотаю, якую накіравала Міністэрства замежных справаў Беларусі.
Кіраўніца аддзелу сувязяў з медыямі Мытнага камітэту Гэнрыка Рукшэніене заявіла, што чэргі на беларуска-літоўскай мяжы не звязаныя са справаю 29 мытнікаў літоўскага пункту пропуску “Мядзінінкай”, якіх затрымалі як падазраваных у атрыманні хабару.
Чыноўніца паведаміла, што колькасць адзінак транспарту, якія прапускаюць за суткі, амаль дасягае 600 – лічбы, пазначанай у двухбаковых дамовах як норма пропуску. А ўчора, сцвярджае Рукшэніене, аформілі нават 635.
Пры гэтым яна адзначыла, што летась у той самы дзень – 11 снежня – чэргі былі даўжэйшыя: толькі аўтацягнікоў на ўезд тады чакала 900, а на выезд – 600. Сёння ж а 9-й раніцы, паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, у пункце пропуску “Каменны Лог – Мядзінінкай” на ўезд у Беларусь у чарзе былі 440 аўтацягнікоў, на выезд – 550.
Паводле спадарыні Рукшэніене, сітуацыя на беларуска-літоўскай мяжы канчаткова нармалізуецца перад Новым годам.
Аліна Кашкевіч,
belsat.eu