Лукашэнка – Еўразвязу: Вы загубілі тысячы людзей


Кіраўнік Беларусі крытыкуе Еўразвяз і апраўдвае Башара аль-Асада.

«Быццам бы апора дэмакратыі, такія прасунутыя ў правах чалавека. Нас вы папракаеце ў парушэнні гэтых правоў, але мы за апошні час не забілі ніводнага чалавека ні ўнутры, ні за межамі нашай краіны, парушыўшы правы чалавека. А вы, я маю на ўвазе ЕЗ, знішчаеце цэлыя дзяржавы. Што вам да Афганістану, Іраку, Лівіі, Сірыі ды іншых дзяржаваў? Хіба вы там лепш зрабілі? Вы ж загубілі там тысячы людзей! Якія ж гэта правы чалавека?» – зазначыў Лукашэнка на сустрэчы з сябрамі Клубу галоўных рэдактараў краінаў СНД, Балтыі ды Грузіі.

Прэзідэнт заявіў: ён асабіста знаёмы з лідарамі шмат якіх краінаў, што крытыкуюць ЕЗ. «Я – стары палітык, я ў шмат якія працэсы быў уцягнуты, тым больш мы падтрымлівалі добрыя стасункі з шэрагам краінаў, якія я называў. Я добра ведаю лідараў гэтых краінаў, напрыклад, Башара аль-Асада. Калі б ён тут прысутнічаў і вы з ім пагаварылі, вы б сказалі, што ён – інтэлігентны чалавек».

Паводле Лукашэнкі, ён асабіста пераканаўся ў падвойных стандартах і няшчырасці еўрапейскіх палітыкаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

«Галоўны папрок – «вы затрымалі людзей»… Але мы іх слезацечным газам не труцілі, як гэта робіцца ў некаторых еўрапейскіх краінах, гумовымі кулямі не расстрэльвалі. У нас ніколі нават вадамётаў не выкарыстоўвалі супраць незаконных дэманстрацыяў. У нас ніколі гэтага не было, але вы гэтага не хочаце бачыць», – заўважыў галава дзяржавы.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў