Кінамарфон ў Варшаве сабраў сяброў “Белсату”


У Варшаве стартаваў кінамарафон дакументальных фільмаў, прысвечаны пяцігоддзю нашага канала. Павіншаваць “Белсат” з першым юбілеем завіталі прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў Польшчы, дыпламаты, беларускія палітыкі, грамадскія актывісты ды журналісты.

Жонка палітзняволенага, экс-кандыдата на прэзідэнта Мікалая Статкевіча ў сваім выступе падкрэсліла, што паводле яе меркавання, “Белсат”, які нясе праўдзівую інфармацыю, вельмі патрэбны беларусам.

Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча.Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча.“Свабода слова разбурае дыктатуры і таму дыктатары так гэтага баяцца. Калі пяць гадоў таму паўстаў “Белсат”, была радасць, былі спадзяванні, але была і няўпэўненасць: як беларускае незалежнае тэлебачанне можа быць у Польшчы? – узгадвае Марына Адамовіч. – Але “дзіця” вырасла і “Белсат” стаўся чальцом нашых сем’яў, нашым сябрам. Я шчыра ўдзячная “Белсату”, які не дае ўладам без сведкаў, ціха і беспакарана рабіць тую чорную справу, якую яны робяць цягам гэтых гадоў. “Белсат” абуджае грамадскую свядомасць і не дае забыцца, знізіць увагу да праблемаў Беларусі, у тым ліку, праблемы палітвязняў“.

Сярод выступоўцаў быў таксама былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан. Ён узгадаў, што напачатку існавання тэлеканалу гучалі меркаванні аб тым, што на “Белсаце” “не тая беларуская мова”, “не тыя праграмы”, “не тыя твары” і г.д.

Стэфан Эрыксан, былы амбасадар Швецыі.Стэфан Эрыксан, былы амбасадар Швецыі.“Мне падаецца, што “Белсат” – гэта не той выпадак, калі трэба шукаць недахопы. Трэба падтрымліваць адзін аднаго і трэба цешыцца з таго, што ёсць такое тэлебачанне, – мяркуе Стэфан Эрыксан. – Самае галоўнае, што “Белсат” зрабіў за гэтыя гады – давёў, нягледзячы на ўсе перашкоды, што гэта магчыма – можна рабіць іншае беларускае тэлебачанне: незалежнае, якое не з’яўляецца рупарам дзяржаўнай прапаганды. Я ўпэўнены, што тое, што зрабіў “Белсат”, пойдзе ў будучыні на карысць тэлебачанню дэмакратычнай Беларусі”.

Дырэктарка каналу Агнешка Рамашэўская-Гузы падзяквала за падтрымку канала Міністэрству замежных справаў Польшчы, урадам Швецыі, Галандыі і Нарвегіі, ды падкрэсліла, што галоўнае для “Белсату” – гэта гледачы.

Агнешка Рамашэўская-Гузы, дырэктарка «Белсату»Агнешка Рамашэўская-Гузы, дырэктарка «Белсату»“Калі тэлебачанне перастае развівацца, яно можа толькі дэградаваць. Таму “Белсат” мусіць далей развівацца, – гаворыць дырэктарка каналу. – Мы будзем развіваць інфармацыйны бок, будзем такасма даваць больш інфармацыі з рэгіёнаў. Вельмі хацелася б зняць першы сапраўдны беларускі серыял, хай сабе і невялікі. Таксама я мару пра добрую белсатаўскую забаўляльную праграму“.

“Белсат” паказаў свае дакументальныя фільмы

Адкрыў марафон прэм’ера стужкі Міколая Ваўжэнюка “Выбары без выбару” пра апошнія парламенцкія выбары з зафіксаванымі на відэа фактамі парушэнняў, ціску на дэмакратычных актывістаў і журналістаў.

Акрамя таго, польскі глядач мог пазнаёміцца з дакументальнымі стужкамі, якія ўжо бачылі шматлікія гледачы “Белсату”:

“Палута Бадунова” (рэж. Валер Мазынскі) – фільм пра жанчыну-палітыка, міністра БНР;

“Страх у краіне спакою” (рэж. Кацярына Бортнік) – фільм пра тэракт у менскім метро;

“Архімандрыт” (рэж. Ежы Каліна) – фільм пра айца Габрыеля, праваслаўнага манаха з Падляшша;
“Гаспадар” (рэж. Рымвід Блашчак) – аповед пра народнага майстра, разбяра Міхаіла Тарасюка.

Гэтыя ды іншыя стужкі вы можаце пабачыць на “Белсаце”, а таксама паглядзець на нашым сайце – у раздзеле “Фільматэка “Белсату”.

Зміцер Ягораў
belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары