На пятыя ўгодкі «Белсату» Агнешка Рамашэўская – пра мінулае і будучыню тэлеканалу.


З чаго ўсё пачыналася, што значыць сапраўдная незалежнасць для медыяў, хто глядзіць «Белсат» і што будзе праз пяць гадоў: дырэктарка каналу Агнешка Рамашэўская-Гузы размаўляла з Сяргеем Пелясою.

«Белсат» тады і цяпер

З першай трансляцыі мінула роўна пяць гадоў. «Белсат» тады і цяпер – два розныя светы, аднак каштоўнасці ды мэты каналу не памяняліся. Прыйшлі новыя людзі, але сярод журналістаў шмат тых, хто выпускаў у эфір першую гадзіну трансляцыі ды першыя 3-хвілінныя навіны.

«Цяпер тыя працаўнікі зрабіліся добрымі аператарамі, а тады ў іхных руках трэслася камера. Здаралася, што некага здымалі на камеру без вуха. Цяпер працуюць тыя самыя людзі! Акрамя таго, на «Белсаце» засталася тая самая атмасфера. Я перакананая, што гэта той самы «Белсат», з якога мы пачыналі», – кажа Агнешка Рамашэўская.

Як кожная ініцыятыва, што пачынаецца знізу, ідэя стварэння незалежнага беларускага тэлебачання пераадолела процьму перашкодаў. Аднак у той момант паўстала натуральная неабходнасць з’яўлення праекту, які не быў бы звязаны з канкрэтнай асобаю ці палітычнаю сілаю. Таксама паўстанню «Белсату» дапамог тэхнічны прагрэс ды імпэт невялікай групы людзей, што з самага пачатку верыла ў поспех сваёй справы.

«Здараліся таксама даволі сур’ёзныя рэчы, пераадоленне якіх адначасова паказвала сілу каналу. У 2009 г. нас напаткаў крызіс, звязаны з выдаленнем мяне з тэлеканалу. Тады тут з’явіліся практычна ўсе працаўнікі каналу, белсатаўцы сталі на варту таго, што было вынікам супольных намаганняў. Уражанне было незвычайнае, бо ўсе сабраліся літаральна за гадзіну. Гэта сведчыла пра тое, што мы будзем змагацца і пераможам», – узгадвае Рамашэўская.

Прынцыпы замест дырэктываў

Паводле дырэктаркі, тое, што «Белсат» не звязваюць з канкрэтнымі людзьмі ці палітычнымі сіламі, ды захаванне незалежнасці тэлеканалу – галоўныя дасягненні пяцігадовай працы. Таксама важны даробак – шматразова ўзнагароджаныя дакументальныя стужкі «Белсату», якія ў вялікай ступені дапамаглі стварыць асабісты брэнд.

«Па-першае, «Белсат» – незалежны ад уладаў Беларусі. Усё тое, чаго не паказвае дзяржаўнае тэлебачанне, можна паглядзець на «Белсаце». Тэлеканал таксама незалежны ў дачыненні беларускіх палітычных сілаў. Нас фінансуюць польскі ўрад ды іншыя замежныя партнёры. Досвед паказвае, што нашыя спонсары не маюць аніякіх адмысловых патрабаванняў да нашых праграмаў. Аднойчы папрасілі паказаць інтэрв’ю з міністрам Сікорскім – і ўсё. Незалежнасць – гэта калі ты абапіраешся на прынцыпы, а не на дырэктывы. Дырэктыва кажа, як ты мусіш паводзіцца ў канкрэтнай сітуацыі. Прынцып падказвае табе, што ўвогуле трэба паводзіцца гэтак або іначай», – падкрэсліла Агнешка Рамашэўская.

Чаму Польшча падтрымлівае «Белсат», радыё «Рацыю», чаму дала прытулак «Хартыі’97» у Варшаве? Ніхто не хоча мець суседа-дыктатара. Сродкі ўплыву дэмакратычнага свету на Беларусь, улады якой імкнуцца да ізаляцыі ад заходніх каштоўнасцяў, вельмі абмежаваныя. А незалежныя медыі праз праўдзівую інфармацыю звяртаюцца да грамадства, а не да ўладаў.

Гледачы «Белсату»

Паводле Рамашэўскай, тэлеканал больш глядзяць у сельскай мясцовасці. Аўдыторыя «Белсату» – інтэлігенцыя, дробныя прадпрымальнікі, як апаненты ўладаў, гэтак ды іхныя прыхільнікі.

«Мы паказваем нашыя праграмы для звычайнага нармальнага чалавека – для сярэдняга класу, які нараджаецца, для бізнесоўцаў, інтэлектуалаў, пенсіянераў. Для гэтых людзей мы культурніцкая альтэрнатыва», – кажа яна.

«Быць ці не быць «Белсату»

Пяць гадоў змагання за фінансаванне, стварэнне прафесійных беларускіх тэлевізійных журналістаў – што далей? Для развіцця неабходная стабілізацыя арганізацыі ды фінансаў. Паводле спадарыні Рамашэўскай, гэта пытанне «быць ці не быць «Белсату».

«Гэта настолькі вялікая і складаная ўстанова, што яна не можа функцыянаваць у сталай няўпэўненасці. Нам трэба стабільнае падтрыманне, найлепей еўрапейскае, але прынамсі міжнароднае, у большай ступені, чым сёння. А пасля можна толькі марыць, што яшчэ можна зрабіць. Серыял, новыя фільмы, ток-шоу. Ідэяў стае. Але галоўнае заданне на сёння – узмацненне структуры (каб пры пашырэнні яна не разбурылася) і атрыманне саліднай фінансава-арганізацыйнай базы», – кажа яна.

Калі ж «Белсат» атрымае магчымасць працаваць у Беларусі, калі, як мараць журналісты, стане пачаткам незалежнага беларускага тэлебачання, спадарыня Рамашэўская ўжо не будзе ачольваць гэтай структуры.

«Гэта будзе момант, калі дзіця пакіне гняздо, і ў такі момант кожная маці пераймаецца, але гэтак бывае. А я пашукаю іншай справы для сябе. Хаця на сёння праца на «Белсаце» не дае мне сумаваць. Увесь час нешта адбываецца», – кажа Агнешка Рамашэўская.

Сяргей Пеляса, рэдактар

belsat.eu

Стужка навінаў