«Свабодны тэатр» гатовы бачыць міліцыю на кожным спектаклі


Працаўнікі міліцыі ўжо двойчы наведвалі памяшканне, якое арандуе ў Менску «Свабодны тэатр». 7 і 8 снежня міліцыянты прыходзілі на спектаклі «Спасцігаючы каханне» і «Зона маўчання» на падставе таго, што іх нібыта выклікалі суседзі. У пятніцу яны перапісалі пашпартныя звесткі памочніцы рэжысёра тэатру Святланы Сугакі ды загадалі да 8 снежня падрыхтаваць пашпартныя звесткі ўсіх актораў.

«Суседзям мы перашкаджаць ніяк не можам, бо будынак тэатру стаіць асобна, – заявіла Сугака. – Акрамя таго, суседзі вырашылі нас проста не заўважаць. Мы першапачаткова рабілі спробы наладзіць стасункі, але безвынікова».

Паводле яе, міліцыянты неафіцыйна парэкамендавалі тэатру пашукаць сабе іншае памяшканне, не на іхнай тэрыторыі.

«Я не ведаю, ці варта чакаць прыходу міліцыі на кожны наш спектакль. Я ўпэўненая, што гэта – спроба нас запалохаць. Але мы да такога гатовыя», – заявіла яна.

Сугака выказала меркаванне, што працаўнікі міліцыі проста даўно не размаўлялі з «такою колькасцю інтэлігентных людзей». «Мы не хочам гуляць паводле іхных правілаў – жыць, як усе, і не вылучацца з масы», – дадала памочніца рэжысёра.

belsat.eu

Стужка навінаў