Астаповіч, Жбанкоў, Хаменка: Чаго чакаць ад новага міністра культуры?


Некаторыя дзеячы культуры ўскладаюць пэўныя надзеі на новага міністра.

Астаповіч: Абароніць архітэктуру

Гэтак, напрыклад, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч спадзяецца, што Барыс Святлоў навядзе парадак у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

«Пры Латушку сістэма аховы гісторыка-культурнай спадчыны яшчэ больш разбалансавалася, – мяркуе ён. – Міністр культуры мусіць быць не PR-персонаю, а моцным кіраўніком. Мы спадзяемся, што Святлоў стане тым самым бюракратам, які будзе здольны акцэнтаваць увагу на беспярэчным выкананні ўсіх заканадаўчыхактаў, і не дазволіць сабе крокаў улева і ўправа».

Хаменка: Добры аналітык і эканаміст

Лідар гурта «Палац» Алег Хаменка лічыць, што Святлоў – «гэта найлепшы варыянт з тых, каго прапаноўвалі на гэтую пасаду». На думку музыкі, вельмі карысным для сучаснай культуры можа стаць досвед Святлова ў эканамічнай сферы і ягоныя аналітычныя здольнасці. Дзеячы культуры чакаюць празрыстага, простага і якаснага тлумачэння, куды імкнецца сфера культуры, якая стратэгія яе развіцця, сказаў Хаменка.

Жбанкоў: Закладнік сістэмы

Кінакрытык Максім Жбанкоў, між тым, мяркуе, што «ў жорстка аўтарытарнай сістэме, замкнёнай на ідэалогіі, любы чалавек, які займаецца кіраваннем ў культуры, аўтаматычна становіцца закладнікам адміністрацыйна-валявога праграмавання культурных працэсаў».

«Галоўная праблема культуры якраз у тым, што ёю ўвесь час спрабуюць кіраваць. Насамрэч, культуры не трэба перашкаджаць, на што прынцыпова не здольная нашая сістэма пры сённяшнім рэжыме», – заявіў культуролаг.

Ён нагадаў, што ў свой час грамадскасць вітала прыход у Мінкультуры Паўла Латушкі. Аднак, адзначыў Жбанкоў, ягоная праца на міністэрскай пасадзе «скончылася наборам сімвалічных акцыяў, напрыклад, канцэртаў у Мірскім замку». «Для культуры ў цэлым нічога не змянілася, бо калі чалавек трапляе ў сістэму, ён або не затрымліваецца ў ёй, або пачынае гуляць паводле яе правілаў», – перакананы Максім Жбанкоў.

belsat.eu

Стужка навінаў