У апазіцыі ўсім уладам


Пра супрацу праваабаронцаў і дзяржаўных органаў, пра тое, чаму праваабаронцы – не апазіцыя і пра шмат што іншае ў Міжнародны дзень правоў чалавека “Белсат” размаўляе са старшынём Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання “Беларускі Хельсінкскі камітэт” Алегам Гулаком.

У вечнай апазіцыі

Прафесійнае свята праваабаронцы адзначаць традыцыйным валейбольным турнірам. Раней каманда БХК ужо сустракалася ў двубоях са зборнымі судоў, пракуратураў, міліцыі ды нават КДБ – і перамагала.

Спадар Гулак зазначае, што не варта дэманізаваць дзяржаўных структураў ці ставіць праваабаронцаў у адзін шэраг з палітычнаю апазіцыяй.

“Падкрэсліваю – палітычнаю, што насамрэч не правільна. Сапраўдныя праваабаронцы – не палітычная апазіцыя, хаця мы, канечне, – апазіцыя. Але апазіцыя любым уладам, бо кожныя ўлады так ці інакш парушаюць правы чалавека. <…> Для нас важна, каб і ў грамадства, і ў чыноўнікаў, і ва ўладаў было разуменне, было бачанне, што праваабаронца – гэта нармальны, сур’ёзны чалавек. Вельмі шкада, калі праваабаронцаў успрымаюць як нейкіх лузэраў, што могуць толькі крытыкаваць без сэнсу і без карысці”, – кажа Алег Гулак.

Беларускае грамадства і так яскрава падзеленае, а ўспрыманне праваабаронцаў як апанентаў уладаў нядобра з абодвух бакоў. Прадстаўнікі апазіцыі бачаць у праваабарончых арганізацыях дадатак да партыйнай структуры. А як паказвае прыклад Алеся Бяляцкага, улады не ў стане адрозніць палітычных праціўнікаў ад абаронцаў правоў чалавека.

Не могуць ці не хочуць? Як весці дыялог з уладамі, што актыўна парушаюць правы сваіх грамадзянаў?

“Дыялог трэба весці ў прынцыпе. Я тут грунтуюся на Хельсінкскіх пагадненнях. Гэта рэальныя алгарытмы дзеянняў праваабаронцаў. <…> Нас цікавіць дыялог з тымі прадстаўнікамі ўладаў, ад якіх залежаць пытанні правоў чалавека – або ўвогуле, або ў кожным канкрэтным выпадку. І казаць, маўляў: “Што з імі размаўляць, іх трэба проста памяняць” – ну, калі ласка, калі яны таго заслугоўваюць, то іх трэба мяняць, але гэта задача палітычных партыяў, задача палітыкаў. Канечне, калі мы таксама бачым, што размова не магчымая, то таксама будзем падтрымліваць такі падыход. Але задача мяняць улады – не нашая задача. У нас свае мэты і метады. Для нас дыялог з уладамі – гэта проста сродак”, – тлумачыць Алег Гулак.

Умелі б кіраваць – не было б рэпрэсіяў

Старшыня БХК упэўнены, што нават сённяшнія ўлады рана ці позна прыслухаюцца да прапановаў праваабаронцаў, бо карысці ў сітуацыі, што склалася пасля выбараў 2010 г., няма ні для аднаго з бакоў.

Паводле Алега Гулака, пасля Плошчы грамадская актыўнасць спала. Упершыню ў найноўшай гісторыі нашай краіны за краты трапіў праваабаронца Алесь Бяляцкі, застаецца ў турме кандыдат на прэзідэнта Мікола Статкевіч ды іншыя палітвязні. Аднак не трэба думаць, што план рэпрэсіяў выкананы.

“Стан перманентных рэпрэсіяў тлумачыцца тым, што сённяшнія ўлады не ўмеюць кіраваць па-іншаму. Ёсць працэс рэпрэсіяў. І ён для іх важнейшы як такі, бо, на іх думку, грамадства мусіць быць пад ціскам і кантролем. Для ўладаў важная не колькасць рэпрэсіяў, а іх перманентны характар, каб было адчуванне, што ім няма канца. Бо, як толькі ў людзей узнікне іншае адчуванне, што план ужо выкананы і рэпрэсіі скончыліся, то тады ўся эфектыўнасць рэпрэсіўнай сістэмы таксама скончыцца”, – кажа Алег Гулак.

Цяжкая стабільнасць

10 снежня 1948 г. была прынятая Дэкларацыя правоў чалавека. Упершыню чалавецтва, якое перажыло страшныя катастрофы, падняло пытанне чалавечай годнасці да ўзроўню сусветнай значнасці. Гэта дало штуршок для таго, каб пачала развівацца сістэма абароны правоў чалавека. Дэкларацыя – помнік чалавечай думкі, яна не мае нарматыўнага характару, але на яе падставе створаныя міжнародныя дакументы, якія такі характар маюць. Да большасці з іх далучылася і нашая краіна, іх нормы яна ўвяла ў нацыянальнае заканадаўства, найперш у Канстытуцыю. З Дэкларацыі пачаўся новы этап у галіне абароны правоў чалавека. Ушаноўваючы Дэкларацыю як сімвал, мы ў гэты дзень ушаноўваем самі каштоўнасці правоў чалавека – трыумфу гуманізму.

“Хоць шмат якія палітвязні ўжо на волі, яшчэ 12 чалавек за кратамі, і невядома, калі да іх далучацца наступныя. Праваахоўныя органы, судовая сістэма і рознага калібру чыноўнікі даўно перасталі кіравацца законам”, – ахарактарызаваў цяперашні стан правоў чалавека ў Беларусі Алег Гулак.

Але грамадзяне гэтага, здаецца, не заўважаюць. Пераважная большасць тых, хто прыходзіць у грамадскую прыёмную БХК пачынаюць аповед са словаў: “Мы ж не маглі падумаць, пакуль не сутыкнуліся”. Гэтак кажуць перадусім тыя, хто стаўся ахвярамі праваахоўнай сістэмы. Але галоўнае не тое, што праблемаў шмат.

“Іх было і будзе шмат, але істотна тое, што цяпер у дзяржаве практычна няма эфектыўнай сістэмы, якая магла б вырашаць праблемы. У цывілізаваным грамадстве такая сістэма – судовая. Суд там – орган вырашэння спрэчак, у тым ліку спрэчак з дзяржаваю. Калі яго няма – можна намаляваць самыя прыгожыя гарантыі, прыняць самыя прыгожыя законы, але не будзе працэсуальных магчымасцяў. Гэта мы маем на сённяшні дзень, таму і працы праваабаронцам хапае”, – канстатуе праваабаронца.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары