Цэнтр правоў чалавека накіраваў уладам «Позву-2013»


Праваабарончая арганізацыя накіравала ў Адміністрацыю прэзідэнта адмысловы дакумент з нагоды Міжнароднага дня правоў чалавека.

Праваабаронцы прапанавалі ўладам у 2013 г. вырашыць тры пытанні: перадаванне кантролю і кіравання праваахоўнаю сістэмаю ад МУС Міністэрству юстыцыі, стварэнне ў Рэспубліцы Беларусь Нацыянальнай установы ў галіне правоў чалавека (НУПЧ) і скасаванне або ўвядзенне мараторыю на смяротнае пакаранне.

Паводле старшыні Цэнтру правоў чалавека Галіны Левінай, у большасці еўрапейскіх дзяржаваў пенітэнцыярныя ўстановы застаюцца ў падпарадкаванні міністэрстваў юстыцыі. “Наўрад ці апраўдана, калі і вышук, і правядзенне дазнання, а часцяком і следства, адбыванне пакарання – у ведамстве аднаго і таго ж органу, як гэта ёсць у Беларусі”, – адзначыла спадарыня Левіна.

Для ўвядзення ў Беларусі інстытуту правоў чалавека Цэнтр правоў чалавека прапаноўвае стварыць працоўную групу “з прыцягненнем ўсіх зацікаўленых бакоў, у тым ліку праваабарончых арганізацыяў”, а таксама адкрыта і публічна правесці абмеркаванне пытання.

Што да праблемы смяротнага пакарання, то праваабаронцы лічаць, што адным з найбліжэйшых крокаў дзеля яго скасавання можа стаць падтрыманне рэзалюцыі аб глабальным мараторыі на ўжыванне смяротнай кары, якая будзе пастаўленая на галасаванне на 67-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН сёлета ў снежні.

Прапанаваныя захады дазволілі б Беларусі прызнаваць вердыкты Еўрапейскага суда правоў чалавека. “Мільёны беларусаў змаглі б звяртацца ў Страсбур для абароны сваіх законных правоў”, – адзначыла Левіна.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў