Суд не аднавіў на працы звольненага за “Гродназнаўства” навукоўца


У Ленінскім судзе Горадні завершыўся працэс у грамадзянскай справе гісторыка Андрэя Чарнякевіча.

Сёлета ў кастрычніку дацэнта Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы Андрэя Чарнякевіча звольнілі з працы нібыта за парушэнне працоўнай дысцыпліны. Сваё права на працу гісторык паспрабаваў давесці праз суд. Ён патрабаваў аднавіць яго на пасадзе. Разгляд справы, які вяла суддзя Людміла Жукоўская, расцягнуўся ажно на 5 паседжанняў.

7 снежня суддзя прачытала рашэнне: загад універсітэцкіх уладаў прызнаць законным.

Андрэй Чарнякевіч кажа, што яго звольнілі з універсітэту праз аўтарства падручніка па гісторыі – “Гродназнаўства”, куды не трапіла апісанне гадоў кіраўніцтва Лукашэнкі. Яшчэ адною падставаю для звальнення, паводле Чарнякевіча, мог стаць удзел у гістарычнай праграме “Імёны Гародні” на радыё “Рацыя”.

Усе спробы гісторыка давесці суду сувязь паміж “забароненаю” кнігаю ды звальненнем засталіся безвыніковыя.

Падрыхтаваў Максім Ярашэвіч паводле spring96.org

Стужка навінаў