Найлепшы футбаліст краіны 2012 года Рэнан Брэсан: Маё сэрца ў Беларусі


Вечарам 7 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы прайшла цырымонія закрыцця футбольнага сезону “Зорны мяч”. Беларуская федэрацыя футболу падвяла вынікі года і ўручыла ўзнагароды футбалістам, трэнерам, суддзям.

Найлепшым футбалістам Беларусі 2012 года стаў паўабаронца БАТЭ Рэнан Брэсан. Другое і трэцяе месцы занялі таксама барысаўцы: нападнік Віталь Радзівонаў і паўабаронца Аляксандр Глеб.

{movie}Рэнан Брэсан: Маё сэрца ў Беларусі|left|7973{/movie}“Хачу выказаць падзяку ўсім за ўнёсак у мой поспех, – сказаў на цырымоніі Рэнан Брэсан, – але пералічваць нікога не буду. Магу каго-небудзь забыць – будзе крыўдна. Дзякую “Гомлю”, у якім я пачынаў, дзякую БАТЭ. Дзякую беларускім заўзятарам, якія цягам шасці гадоў падтрымлівалі мяне. Маё сэрца – у Беларусі”.

Найлепшая футбалістка Беларусі 2012 года – Іна Бацяноўская (“Менск”).

Найлепшымі ў сваіх амплуа сярод беларускіх футбалістаў прызналі брамніка Аляксандра Гарбунова (БАТЭ), абаронца Мікалая Кашэўскага (“Шахцёр”), паўабаронца Станіслава Драгуна (“Дынама”), нападніка Віталя Радзівонава (БАТЭ). Найлепшым бамбардзірам чэмпіянату быў Дзмітрый Асіпенка (“Шахцёр”).

Лаўрэатам намінацыі “Трэнер года”, як і чакалі, стаў Віктар Ганчарэнка (БАТЭ).

Рэнан Брэсан, найлепшы сёлета беларускі футбаліст, паходзіць з Бразіліі. У 2007 г. спартовец заключыў кантракт з футбольным клубам “Гомель”. Са студзеня 2010 гуляе за барысаўскае БАТЭ. У снежні 2010 г. атрымаў беларускае грамадзянства. У лютым 2012 г. дэбютаваў у складзе Нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе ў таварыскім матчы са зборнаю Малдавіі.

Паводле БелаПАНу
Відэа БелаПАНу

Стужка навінаў