Арганізатар «Славянскага маршу» абвінавачаны. Парушыў парадак правядзення акцыі


Дзмітрыя Дзенісенку звінавацілі ў адміністратыўным правапарушэнні за тое, што некаторыя ўдзельнікі акцыі былі ў масках.

Улады далі дазвол на правядзенне 25 лістапада ў Магілёве «Славянскага маршу». Міліцыянты адно забаранілі ўдзельнікам акцыі выкарыстоўваць чорна-жоўта-белы «імперскі» сцяг – гістарычную сімволіку Расеі. Ні падчас правядзення акцыі, ні пасля яе заканчэння якіх-небудзь прэтэнзіяў да арганізатараў міліцыя не мела. У акцыі ўзялі ўдзел каля 40 асобаў, пераважна моладзь.

«Праз паўтара тыдня мяне абвінавачваюць у тым, што я дапусціў прысутнасць на акцыі людзей, якія хавалі свае твары пад маскамі, і не распачаў ніякіх дзеянняў, каб гэта перадухіліць», – паведаміў Дзмітрый Дзенісенка, якога 7 снежня выклікалі позваю ў Ленінскі РАУС Магілёва.

Актывіст адзначыў, што ў пададзеных міліцыянтамі матэрыялах справы ўтрымліваюцца паказанні старэйшага лейтэнанта Ленінскага РАУС Андрэя Ціцяронава, які заявіў сябе сведкам удзелу ў акцыі дзвюх асобаў у масках. «Узнікае пытанне: чаму ён як міліцыянт не распачаў ніякіх дзеянняў, каб перадухіліць гэта?» – пытаецца лідар славянафільскага руху Магілёва.

{movie}Выступ Дзмітрыя Дзенісенкі падчас “Славянскага маршу”. Відэа карыстальніка сервісу youtube – karlo4334|left|7957{/movie}Маладзён мяркуе, што прычына распачынання адміністратыўнага працэсу – ягоная палітычная актыўнасць. «Цяпер мяне чакае суд, пасля якога ў мяне будзе адміністратыўная судзімасць, і цягам года я не змагу зарганізоўваць масавых мерапрыемстваў. Менавіта гэта і ёсць асноўная прычына, бо на мітынгу я сказаў, што неўзабаве пройдзе яшчэ акцыя», – распавёў Дзенісенка. Ён падкрэсліў, што ўлады спрабуюць такімі метадамі «задушыць актыўнасць насельніцтва».

Актывіст таксама адзначыў, што вінаватым сябе не лічыць і пры вынясенні судом выраку будзе яго абскарджваць. Дата суда, паводле Дзенісенкі, пакуль не вызначаная.

Паводле belapan.com

Стужка навінаў