Актывісты «Арт-сядзібы»: Можа, у нас бачаць ворагаў праз беларускую мову?


Мы далёкія ад палітыкі, займаемся толькі культураю, але нас чамусьці прыціскаюць, кажа дырэктар «Арт-сядзібы» Павал Белавус.

Культурніцкую суполку трэці раз высяляюць з памяшкання, якое маладыя людзі здымалі для правядзення творчых сустрэчаў. Моладзь ніяк не можа ўцяміць, чым завінавацілася яна перад уладамі і чаму яе чарговы раз выганяюць.

«Арт-сядзіба», як адзначаюць яе сімпатыкі, чыста культурніцкая ўстанова, дзе маладыя пісьменнікі, мастакі, людзі творчых прафесіяў збіраліся, каб дзяліцца досведам і ладзіць культурніцкія імпрэзы.

{movie}Белавус: Можа, у нас бачаць ворагаў праз мову?|right|7956{/movie}На думку аматараў «Арт-сядзібы», ёю зацікавіўся аддзел ідэалогіі Менгарвыканкаму, які і пачаў ціснуць на ўласніка памяшкання – прадпрыемства «Сукно», дамагаючыся скасавання арэнды з творцамі.

Павал Белавус кажа, што адною з прычынаў уціску можа быць беларуская мова, прапаганда якой – адна з галоўных мэтаў «Арт-сядзібы». «Можа, таму ў нас бачаць ворагаў – праз мову», – мяркуе Белавус.

Актывісты ініцыятывы наракаюць, што ўлады замест дапамогі маладым, ускладняюць ім жыццё. «Недзе ў нас сядзяць людзі, якія зусім не хочуць, каб Беларусь была беларускаю», – падкрэсліў актывіст Зміцер Афанасенка.

Максім Ярашэвіч

belsat.eu

Стужка навінаў