Гілары Клінтан: Мытны саюз – шлях у СССР


Задушэнне апазіцыйных настрояў у краінах Усходняй Еўропы і Сярэдняй Азіі можа прывесці да новай саветызацыі гэтых дзяржаваў.

Такое меркаванне выказала дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан у кулуарах пасяджэння Рады міністраў замежных справаў краінаў АБСЕ ў Дубліне 6 снежня, паведамляе “Associated Press”.

Паводле яе, працэс саветызацыі можа быць прэзентаваны пад такімі назвамі, як Мытны саюз ці Еўразійскі саюз. “Нельга дапусціць памылкі. Мы ведаем, што ёсць мэтаю, і мы спрабуем знайсці эфектыўны спосаб запаволіць ці прадухіліць гэты працэс”, – сказала Клінтан.

Яна таксама негатыўна ставіцца да “новай хвалі рэпрэсіўных тактык” у Расеі, Беларусі, Туркменістане і шэрагу іншых дзяржаваў. Клінтан адзначыла, што спробы ЗША распаўсюдзіць грамадзянскія свабоды разглядаюцца ў краінах былога СССР як злачынныя.

“Прастора для грамадзянскай супольнасці ды абароны правоў чалавека і фундаментальных свабодаў скарачаецца, а ўлады становяцца нашмат больш агрэсіўныя, спрабуючы здушыць пратэст, прадухіліць свабоду выказвання і абмену меркаваннямі”, – адзначыла дзяржсакратар.

Яна выказала засцярогі ў сувязі з паўторным унясеннем на разгляд Дзярждумы Расеі законапраекту аб “СМІ – замежных агентах”. Згодна з праектам прапаноўваецца прызнаваць “замежнымі агентамі” медыі, якія фінансуюцца з-за мяжы на 50 % і больш. Клінтан назвала законапраект спробаю заглушыць міжнародную крытыку на адрас расейскага ўраду.

belsat.eu паводле belapan.com

Стужка навінаў