Сёння “Белсат” святкуе 5-гадовы юбілей


10 снежня у варшаўскім кінатэатры “Kino KC” распачнецца марафон дакументальных фільмаў, знятых для “Белсату”.

Адкрые марафон прэм’ера стужкі Міколая Ваўжэнюка “Выбары без выбару” пра апошнія парламенцкія выбары з зафіксаванымі на відэа фактамі парушэнняў, ціску на дэмакратычных актывістаў і журналістаў.

Акрамя таго, польскі глядач зможа пазнаёміцца з дакументальнымі стужкамі, якія ўжо бачылі шматлікія гледачы “Белсату”:

“Палута Бадунова” (рэж. Валер Мазынскі) – фільм пра жанчыну-палітыка, міністра БНР;

“Страх у краіне спакою” (рэж. Кацярына Бортнік) – фільм пра тэракт у менскім метро;

“Архімандрыт” (рэж. Ежы Каліна) – фільм пра айца Габрыеля, праваслаўнага манаха з Падляшша;

“Гаспадар” (рэж. Рымвід Блашчак) – аповед пра народнага майстра, разбяра Міхаіла Тарасюка.

Гэтыя ды іншыя стужкі вы можаце пабачыць на “Белсаце”, а таксама паглядзець на нашым сайце – у раздзеле “Фільматэка “Белсату”.

Эва Копач, маршал польскага Сейму, 11 снежня ўрачыста адкрые выставу “5 гадоў “Белсату” ў галоўным холе польскага парламенту.

Выстава будзе складацца з адмысловых стэндаў і мультымедыйных інсталяцыяў, якія распавядуць аб працы “Белсату”, а таксама праілюструюць штодзённае жыццё беларусаў.

Экспазіцыя “5 гадоў “Белсату” – гэта не толькі расповед пра рэпрэсіі ды пераслед незалежных журналістаў і працаўнікоў “Белсату” ў Беларусі, але і найважнейшая інфармацыя аб працы тэлеканалу: звесткі пра аўдыторыю, прагляды і нашыя праграмы.

Падрыхтаваў Зміцер Ягораў

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары