Ці дадуць Лукашэнку $ 440 млн?


Чацвёрты транш фінансавага крэдыту разлічаны на стабілізацыю плацежнага балансу. Ці дадуць яго – вырашыцца на сённяшнім паседжанні рады Еўразійскага банку развіцця (ЕАБР) і рады Антыкрызіснага фонду (АКФ) ЕўрАзЭС у Менску.

У паседжанні возьмуць удзел кіраўніцтва ЕАБР і міністры фінансаў Расеі ды Беларусі. У канцы лістапада міністр фінансаў Расеі Антон Сілуанаў адзначыў, што, паводле ацэнак Мінфіну РФ, Беларусь выконвае не ўсе паказнікі ў праграме, якая ёсць умовай выдачы расейскага крэдыту.

Раней старшыня праўлення беларускага Нацбанку Надзея Ермакова адзначала складанасці ў перамовах з АКФ ЕўрАзЭС. «Вядома, гэта няпростыя перамовы, на жаль. Хацелася б, каб яны нас зразумелі, і мы спадзяемся, што яны нас зразумеюць. Ну, а не зразумеюць – будзем спраўляцца самі», – заявіла яна 18 кастрычніка. Прычына складанасцяў, патлумачыла Ермакова, заключаецца ў тым, што патрабаванні з боку фонду робяцца больш жорсткімі.

Пагадненне паміж Беларуссю і ЕАБР, які кіруе сродкамі АКФ ЕўрАзЭС, пра выдзяленне крэдыту на $ 3 млрд шасцю траншамі падпісанае 9 чэрвеня 2011 г. Першы транш на $ 800 млн быў пералічаны ў Беларусь 21 чэрвеня 2011 г., яшчэ $ 440 млн – у снежні 2011-га.

У 2012 г. Беларусь павінна атрымаць два траншы па $ 440 млн кожны. Трэці транш быў атрыманы ў чэрвені і залічаны ў золатавалютныя рэзервы краіны. У чэрвені намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Сторчак выказаў меркаванне, што Беларусь мае ўсе шанцы да канца года атрымаць чацвёрты транш.

Паводле інфармацыі прадстаўніцтва Еўразійскага банку развіцця, на паседжанні рада ЕАБР вырашаць таксама, ці даваць інвестыцыйны крэдыт Беларускаму металургічнаму заводу – кіроўнай кампаніі холдынгу «Беларуская металургічная кампанія».

Паводле belapan.com
belsat.eu

Стужка навінаў