Замежнікі змогуць прыехаць у Беларусь без візы


Такая магчымасць будзе ў гледачоў чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе ў 2014 годзе.

Пра гэта паведаміла Алена Брок, намесніца дырэктара дзяржаўнай установы «Цэнтркурорт», афіцыйнага тураператара ЧС-2014. Паводле яе, наяўнасць любога квітка на матч – электроннага або арыгінальнага – дасць права бязвізавага ўезду на тэрыторыю Беларусі ў перыяд правядзення хакейнага чэмпіянату. Праўда, кошт квіткоў пакуль невядомы.

«Цяпер у нас вельмі шмат часу і фінансаў укладаецца ў рэкламаванне чэмпіянату свету па хакеі, – распавяла Алена Брок на III Міжнародным форуме «Імідж Рэспублікі Беларусь: час дзеяць». – На выставу ў Лондане мы падрыхтавалі вялікую прэзентацыю, рэкламныя каталогі на англійскай і расейскай мовах, іншую прадукцыю пра Менск і Беларусь, якую раздалі наведнікам. Цяпер рыхтуемся да берлінскай выставы, дзе адбудуцца прэзентацыйныя выступы, сустрэчы з тураператарамі. Асноўная праца пачнецца пасля таго, як стане вядомы кошт квіткоў».

Паводле belapan.com

Стужка навінаў