Арыштаваны за «здраду дзяржаве» Гайдукоў просіць змяніць адваката


Сваякі абвінавачанага ў шпіянажы Андрэя Гайдукова атрымалі ад яго першы ліст, дзе юнак піша пра абсурднасць абвінавачання. Аператар наваполацкага «Нафтану» ўжо месяц пад вартаю. Спачатку яго ўтрымлівалі ў менскім СІЗА КДБ, цяпер жа перавялі ў Віцебск.

Маці арыштаванага паведаміла, што гэта першы ліст ад сына, які дайшоў да родных. Ён адпраўлены 3 снежня, хоць напісаны яшчэ ў Менску 29 лістапада. Ліст, у якім маладзён просіць знайсці яму іншага адваката, спадарыня Гайдукова ахарактарызавала як сумны і неаптымістычны. «Хоць, можа, мне так падаецца, бо іншыя чыталі, кажуць, нармальны ліст… Ну, ён піша, што фальсіфікацыі супраць яго могуць дайсці да абсурду», – распавяла маці актывіста.

Жанчына падкрэсліла, што пасля затрымання з Андрэем працавалі некалькі адвакатаў: з Віцебску, потым з Менску, спачатку дзяжурны, а пасля – адмыслова наняты бацькамі. Вольга Гайдукова лічыць: «Цяпер Андрэй у Віцебску. Трэба, каб і адвакат быў адтуль, каб змог сустракацца, прыходзіць, размаўляць. А то Андрэю ж там цяжка…»

Паводле маці абвінавачанага, Андрэй ужо напісаў заяву на імя следчага, каб яму далі адвакатку з Віцебску, якая супрацоўнічала з вязнем з самага пачатку. «Яна і адвакатам працуе, і выкладае на юрыдычным факультэце. Напэўна, у яе з Андрэем склаўся нейкі кантакт, як ён так хоча», – заўважыла маці зняволенага. Вольга Гайдукова папрасіла новую адвакатку, каб тая наведала ейнага сына ў віцебскім СІЗА № 2 у найбліжэйшую пятніцу, 7 снежня. На той самы дзень у віцебскую абласную ўправу КДБ выклікалі Яўгена Канстанцінава, сябра Гайдукова і кіраўніка незарэгістраванага Саюзу маладых інтэлектуалаў.

Перад арыштам Андрэй Гайдукоў займаўся рэгістрацыяй гэтай арганізацыі. Паводле меркавання сяброў, затрыманне юнака звязанае менавіта з грамадскаю дзейнасцю, бо і раней працаўнікі КДБ пагражалі хлопцу «непрыемнасцямі» за апазіцыйныя погляды.

Максім Ярашэвіч, паводле spring96.org

belsat.eu

Стужка навінаў