Раслінныя крыўды Расеі


На чым Масква страціла найбольш з-за Беларусі? Растваральны бізнес? Газавыя войны, а можа, малочныя? Аказваецца найбольшую шкоду расейскаму бюджэту нанеслі… раслінныя паразіты, што прыехалі з нашай краіны.



Амаль знішчылі ўраджай?

Паводле Рассельгаснагляду, беларускія мытнікі не правяралі расліны і насенне, што імпартаваліся ў Расею праз Беларусь. Расейскія чыноўнікі падлічылі, што праз нядбайнасць беларускага боку паразіты маглі знішчыць нават да 80% ураджаю бульбы і таматаў.

«Атрымліваецца, што фітасанітарны кантроль у Беларусі практычна не ажыццяўляюць. З пачатку 2012 г. мы выявілі 9 тыс. машынаў, у якіх пломбы, напрыклад, латвійскія або польскія, апынуліся не парушанымі», – заявіў памочнік кіраўніка Рассельгаснагляду Аляксей Аляксеенка.

Не менш уражваюць і фінансавыя прэтэнзіі Расеі. Тут няма што параўноваць з 1,5 млрд стратаў праз экспарт растваральнікаў. Паразіты нашкодзілі на 480 млрд рас. руб. (больш як на 15 млрд долараў).



«Пацанская прад’ява»

Эканаміст Міхал Залеўскі звяртае ўвагу на момант, у які з’явіліся гэтыя прэтэнзіі. Няўжо раней Рассельгаснагляд не заўважаў, што амаль увесь ураджай расейскай бульбы і таматаў пад пагрозаю? Тут хіба вядзецца не пра тых шкоднікаў.

«Мы – транзітная краіна. Дамовіліся, што будзем кантраляваць якасць, адмыслоўцы ў нас ёсць, адпаведныя дамоўленасці ёсць. А можа, нешта не тое правадыр наш сказаў? Грамадзянін Лукашэнка пажартаваў наконт пуцінскай спіны, а ў іх адразу жучкі завяліся. А што датычыць лічбы, то, як кажуць, «Москва бьёт с носка». Гэта больш падобна не на міждзяржаўныя адносіны, а на «пацанскую прад’яву», – кажа Залескі.

Адмысловец нагадвае, што Беларусь з Расеяй – вялікія сябры; інтэграцыя, здаецца, ідзе поўнаю хадою не першы год. Аднак замест таго, каб па-сяброўску разабрацца ў праблемах, з’яўляюцца чарговыя нечаканыя прэтэнзіі.

Беларускія чыноўнікі ад сельскай гаспадаркі ў сваю чаргу заявілі, што ніякіх дамоўленасцяў з Расеяй яны не парушалі. Што праўда, дзіўна было б, калі б яны сказалі нешта іншае. Тым часам, як паказвае практыка двухбаковых адносінаў, звычайна ў такіх сітуацыях плаціць даводзіцца Беларусі.

Усевалад Шлыкаў

belsat.eu

Стужка навінаў