Паўлу Плаксе прысудзілі 10 гадоў узмоцненага рэжыму (Дапоўнена)


Мужчыну затрымалі толькі на падставе меркавання, што ён мог быць непадалёк месца злачынства. У пастарунку міліцыі ён «прызнаў віну і чыстасардэчна пакаяўся» ў крадзяжы і падпале. Паводле родных Паўла – у выніку катаванняў.

Паўла Плаксу затрымалі сёлета 30 траўня. Паводле маці асуджанага, Жульеты Парцянка, у Ленінскім РУУС следчыя не толькі збівалі яго, але і аказвалі псіхалагічны ціск, пагражаючы родным і блізкім. Пасля ажно трох дзён катаванняў і збівання ён вымушаны быў падпісаць паперы, за што і трапіў на лаву падсудных.

Маці асуджанага распавяла «Белсату», што міліцыянты прымянялі «нялюдскія» метады, нацягвалі Паўлу мяшок на галаву і збівалі што сілы, клалі хлопца на жывот і скакалі на спіну ды г.д. Родныя Плаксы паведамілі, што Павел неаднаразова губляў прытомнасць у Ленінскім РУУС. Тройчы яму давялося выклікаць хуткую дапамогу. Звесткі пра збіццё ўскосна пацвердзілі і медыкі. Яны зафіксавалі пабоі на ўсім целе, у хлопца не функцыянавала рука, ён з цяжкасцю мог рухацца.

Павал Плакса мае двух сыноў: аднаму 4 гады, другому – 6 месяцаў.

Што адбываецца ў Ленінскім РУУС?



{movie}Андрэй Бандарэнка: Як спыніць катаванні ў пастарунках?|left|7923{/movie}Скаргі на катаванні і здзекі ў Ленінскім РУУС ува ўсе магчымыя інстанцыі накіраваў як сам абвінавачаны, так і ягоныя сваякі. На збіццё міліцыянтамі з Ленінскага РУУС скардзіцца таксама вартаўнік Васіль Сарочык, з якога праваахоўнікі хацелі выбіць прызнанне ў крадзяжы.

Праваабаронцы заўважаюць, што акурат Ленінскі РУУС мае кепскую славу месца, дзе прымяняюцца катаванні. «Да нядаўнага часу там было поўнае бязмежжа: мы ведаем гісторыю Паўла Плаксы, гісторыю Васіля Сарочыка. Мы маем інфармацыю пра яшчэ некалькі эпізодаў збівання людзей і адкрыцця крымінальных справаў. Людзі баяцца і не гатовыя сёння афішаваць гэтыя факты», – гаворыць Андрэй Бандарэнка, кіраўнік арганізацыі «Платформа», якая збірае інфармацыю пра катаванні ў беларускіх турмах і пастарунках.

Суддзі, у сваю чаргу, заўважае Бандарэнка, вельмі рэдка бяруць пад увагу заявы падсудных пра тое, што іхныя прызнанні ў здзяйсненні злачынства былі атрыманыя ў выніку катаванняў.

Змяніць сітуацыю будзе складана, упэўнены праваабаронца. «Трэба мяняць палітыку дзяржавы, дзеянні пракуратуры, пракурорскі нагляд, мяняць стаўленне службаў уласнай бяспекі структураў МУС, каб такія следчыя разумелі: рана ці позна такія дзеянні скончацца для іх крымінальнаю справаю, як у выпадку з Васілём Сарочыкам», – падкрэсліў Андрэй Бандарэнка.

Следчы камітэт завёў крымінальную справу паводле факту збіцця Васіля Сарочыка ў Ленінскім РУУС.

Зміцер Ягораў,

belsat.eu

Стужка навінаў