Алеся Пушкіна арыштавалі на 12 дзён


Мастак, які жыве ў вёсцы Бобр (Крупскі раён Менскай вобласці), быў затрыманы ў сталіцы, куды прыехаў, каб падаць у Вярхоўны суд скаргу на вырак, вынесены яму ў верасні судом Смаргонскага раёну.

На пачатку верасня група мастакоў, у ліку якіх быў Алесь Пушкін, зладзіла ў Смаргоні (Гарадзенская вобласць) акцыю памяці кіраўніка антыкамуністычнага падполля ў пасляваенныя гады Расціслава Лапіцкага. Яны адстаялі ў царкве малебен, замоўлены па нявінна забітым Лапіцкім, а затым з ягонымі партрэтамі, якія самі намалявалі, прайшлі па горадзе. Неўзабаве іх затрымалі, даставілі ў аддзяленне міліцыі, склалі адміністратыўныя пратаколы за правядзенне несанкцыянаванага шэсця і асудзілі. Тры затрыманыя былі пакараны штрафамі, Пушкін – 10-дзённым арыштам.

Усе 10 дзён мастак трымаў галадоўку, а калі выйшаў на волю, заявіў, што будзе абскарджваць рашэнне суда.

Па дарозе ў Вярхоўны суд 5 снежня Пушкін нёс перад сабою партрэт Лапіцкага, за што, паводле інфармацыі праваабаронцаў, і быў затрыманы пасля выхаду з будынку суда.

У Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна пацвердзілі, што Алесь Пушкін адбывае ў іх арышт з учорашняга дня.

Паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары