Магілёвец напісаў да Лукашэнкі: На вас можа ўпасці сцяна


Муляр 5-га разраду Аляксей Паўлоўскі накіраваў прэзідэнту ліст з просьбаю адкласці наведванне аднаго з дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці.

У лісце Паўлоўскі, які раней працаваў на будаўніцтве комплексу апрацоўкі драўніны «VMG Industry», нагадаў, што на прадпрыемстве сёлета ў чэрвені ад ветру абваліўся мур вышынёю 10 метраў. Будаўнік напісаў: сцены не мацаваліся да калонаў, што ў выніку і прывяло да аварыі. Муляр папярэджваў пра небяспеку і кіраўніцтва ААТ «Прамжылбуд», якое і вяло будоўлю, і нават кіраўніцтва вобласці. Аднак рэакцыяй начальства стала толькі звальненне рабочага.

Пасля абрынання муру Паўлоўскі звярнуўся ўжо ў пракуратуру вобласці з патрабаваннем праверыць будоўлю. Пракуратура не знайшла пацверджання гэтаму факту, а пракурор вобласці Эдуард Сянькевіч зняпраўдзіў інфармацыю пра абвал.

«Я адчуваю адказнасць як за жыццё працаўнікоў фабрыкі, так і за жыццё высокапастаўленых асобаў, якія пажадалі наведаць гэты патэнцыйна небяспечны аб’ект», – напісаў Паўлоўскі да кіраўніка краіны. Ён папрасіў Лукашэнку пакуль не ехаць на тартак «у сувязі з патэнцыйнаю небяспекаю для жыцця», бо на прэзідэнта можа абваліцца мур. Паўлоўскі заклікаў галаву дзяржавы накіраваць на дрэваапрацоўчы завод незалежную камісію і прыклаў да ліста здымкі абваленай сцяны.

Генеральны дырэктар «VMG Industry» Віктарас Адамайціс паведаміў, што падчас будавання абваліліся два цагляныя шэрагі перагародкі. «Пры будаўніцтве ўсё бывае. Бывае, малаток з рук падае. Мы гэтага выпадку нават не зарэгістравалі як інцыдэнту», – заявіў кіраўнік прадпрыемства.

Візіт Лукашэнкі ў Магілёўскую вобласць можа адбыцца ў гэтым месяцы. Інфармацыі, што ён мае наведаць новы завод, пакуль не было.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары