Студэнтаў “завальваюць” на іспытах, тым, хто працуе, ставяць “прагулы”


Пераслед тых, хто адседзеў за Плошчу, набірае размаху.

У самы разгар сесіі пачалі адлічваць студэнтаў, якія прыходзяць на залікі ды іспыты пасля таго, як адседзелі тэрмін пасля пратэстаў 19 снежня. Як паведаміла “Белсату” кіраўніца Камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць” Іна Кулей, пад пагрозаю застаюцца каля 40 студэнтаў.

Паводле яе, у Менску адлічылі трох навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных установаў і трох студэнтаў ВНУ. Фармальная прычына – няздача іспыту або парушэнне дысцыпліны. Між тым, у прыватных размовах выкладчыкі прызнаюцца, што кіраўніцтва навучальнай установы цісне, каб яны не ставілі залікаў і добрых адзнакаў удзельнікам Плошчы.

Адукацыю рэпрэсаваныя навучэнцы працягнуць у любым выпадку, запэўнівае Іна Кулей. Гатоўнасць прыняць беларускіх студэнтаў выказалі Польшча, Літва ды іншыя краіны Еўропы. “Але нашая галоўная задача цяпер – пазмагацца за тое, каб адлічаных аднавілі на вучобе ў Беларусі, бо большасць з тых, хто трапляе пад рэпрэсіі, – гэта навучэнцы выпускных курсаў, і з’язджаць на вучобу за мяжу для іх – значыць згубіць год-два, бо беларуская праграма навучання адрозніваецца ад еўрапейскай”, – тлумачыць Іна Кулей.

А на паседжанні прафкаму УП “Менгарсвятло” вырашылі звольніць актывіста руху “За Свабоду” Юрася Шпака-Рыжкава за “прагулы”. На прэзідэнцкіх выбарах ён быў сябрам ўчастковай камісіі №4 Менску. Да таго ж адседзеў 10 дзён адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту. Адміністрацыя прадпрыемства лічыць, што актывіст прагульваў працу з 14 да 17 снежня, нягледзячы на даведку ад старшыні ўчастковай выбарчай камісіі, што Шпак-Рыжкаў быў на выбарчым участку.

belsat.eu

Стужка навінаў