Ахова аднаго метра мяжы каштуе Беларусі ў 18 разоў болей, чымся Еўразвязу


Мяркуючы са звестак на сайце беларускага памежнага ведамства, ажно 4,5 долара ў параўнанні з 25 цэнтамі з еўрапейскага боку. Міжнародная тэхнічная дапамога ЕЗ Беларусі ў межах праграмаў аховы мяжы працягласцю 1250 км ацэньваецца на 7 млн долараў на год. З дзяржаўнага бюджэту Беларусі на ахову 2334 км мяжы з краінамі ЕЗ і Украіны штогод вылучаецца 125 млн долараў.

Прадставіўшы гэтыя лічбы, Дзяржаўны памежны камітэт звяртае ўвагу на тое, што супрацьдзеянне нелегальным мігрантам на тэрыторыі Беларусі ажыццяўляецца на трох этапах. Першы – гэта ўнутраныя раёны краіны, дзе колькасць патэнцыйных нелегалаў ацэньваецца на 15 тыс. Акурат столькі замежнікаў органы ўнутраных справаў прыцягнулі да адказнасці за парушэнне памежнага заканадаўства ў 2012 г.

Другі этап – гэта памежная тэрыторыя. Тут за міграцыйную сітуацыю разам з міліцыяй адказваюць і памежнікі. Колькасць патэнцыйных мігрантаў (іншаземцаў, прыцягнутых у 2012 г. да адказнасці за парушэнне міграцыйнага заканадаўства) ацэньваецца на 6400 чалавек.
Трэці этап – гэта сама дзяржаўная мяжа, дзе адказнасць ляжыць цалкам на Дзяржаўным памежным камітэце. Сёлета на «зялёнай» мяжы затрымалі 283 нелегалы, у тым ліку на мяжы з Польшчаю – 85, Латвіяй – 79, Літвою – 108 чалавек. У пунктах пропуску затрымалі 8700 нелегальных мігрантаў.

Паводле падлікаў Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, зыходзячы з сітуацыі, якая складваецца, шчыльнасць нелегальных мігрантаў на мяжы з ЕЗ складае два чалавекі на 10 км (з ліку затрыманых непасрэдна на мяжы). Шчыльнасць патэнцыйных мігрантаў ацэньваецца як тры чалавекі на кожную тысячу жыхароў краіны.

Рэгіёны паходжання нелегалаў – Афрыка, Азія, СНД, арабскія краіны. Транзітам праз краіны Усходняй Еўропы яны накіроўваюцца ў краіны Заходняй Еўропы, канстатуюць у беларускім памежным ведамстве.

Фактарамі, якія ўплываюць на нелегальную міграцыю, у Дзяржаўным памежным камітэце называюць рэвалюцыі, крытычны стан эканомікі, контртэрарыстычныя аперацыі, войны і праблемы з заканадаўствам.

belsat.eu

Стужка навінаў