Уладзімір Навасяд: Плошча адбылася, дзякуючы палітыцы адчыненых дзвярэй


Палітык перакананы, што эканамічныя санкцыі нашкодзяць Беларусі.

“Пункт гледжання мой і Партыі свабоды і прагрэсу заключаецца ў тым, што эканамічныя санкцыі не прынясуць жаданага выніку, – мяркуе старшыня аргкамітэту стварэння Партыі свабоды і прагрэсу Уладзімір Навасяд, – з адной простай прычыны: беларускае грамадства ўжо звязвае лібералізацыю, дэмакратычныя свабоды з узроўнем і якасцю жыцця. І палітыка адчыненых дзвярэй якраз і спрыяла тым падзеям, што адбываліся ў нас, у тым ліку на Плошчы. Таму такую палітыку варта працягваць і скіраваць на ўцягванне Беларусі ў еўрапейскую сістэму каардынатаў, яна мае дапамагаць людзям інтэгравацца. Тое, што цяпер робяць у візавым пытанні Польшча і Літва, я толькі вітаю”.

Між іншага, палітык адзначыў, што ў Нацыянальнай каардынацыйнай радзе, нядаўна створанай апазіцыяй, пакуль няма адзінага погляду на перспектывы адносінаў Беларусі з Еўразвязам. Паводле яго, улічваючы супярэчнасці, існуе небяспека, што новае ўтварэнне спасцігне лёс нацыянальнага камітэту Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, дзейнасць якога паралізавалася праз супярэчнасці.

Пры гэтым Уладзімір Навасяд звярнуў увагу на тое, што аб’ядноўвае палітыкаў, якія падпісалі дэкларацыю аб стварэнні Нацыянальнай каардынацыйнай рады: “Мы адзіныя ў адным: людзей трэба вызваліць. Нас непакоіць лёс зняволеных экс-кандыдатаў на прэзідэнта. Ніхто з іх не збіраецца куды-небудзь эміграваць, яны могуць, знаходзячыся дома, калі таго патрабуюць следчыя дзеянні, прыходзіць і даваць паказанні”.

belsat.eu
https://youtu.be/HrrrMAD5Z6U

Глядзі таксама
Каментары