Якую хімічную зброю рыхтуе Сірыя?


Сірыйскія інжынеры-хімікі рыхтуюць да баявога выкарыстання атрутныя рэчывы, піша часопіс «The Wired» са спасылкаю на крыніцу ў амерыканскай выведцы. Згодна з гэтаю інфармацыяй, ідзецца пра зарын – моцнае нервова-паралітычнае атрутнае рэчыва без колеру і паху.

Два асноўныя кампаненты зарыну – метылфосфаніл дыфтарыд і ізапрапанол – звычайна захоўваюцца асобна (у «бінарнай форме»), каб не дапускаць выпадковага выкіду нервова-паралітычнага газу. Аднак цяпер сірыйцы пачалі змешваць гэтыя кампаненты.

«Фактычна склалася сітуацыя, калі гэтую сумесь можна загрузіць у самалёт і развеяць яе над патрэбным раёнам», – заявіў суразмоўца выдання. Паводле ацэнак заходніх экспертаў, сірыйскія адмыслоўцы могуць вырабіць прыкладна 250 т зарыну, аднак пакуль змешваюцца толькі «нязначныя» колькасці.

Крыніца «The Wired» заявіла, што амерыканскае кіраўніцтва пакуль можа толькі здагадвацца, з чым звязаныя гэтыя дзеянні, а таксама перамяшчэнне па Сірыі снарадаў і ракетаў з хімічнымі боегалоўкамі.

Тым не менш сітуацыю ўжо пракаментавалі прэзідэнт ЗША Барак Оўама і дзяржсакратар Гілары Клінтан. Яны папярэдзілі Дамаск пра катэгарычную недапушчальнасць выкарыстоўваць зброю масавага знішчэння (ЗМЗ) як сродак дасягнення перамогі ў грамадзянскай вайне. З аналагічнаю заяваю выступіў і генеральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн, які прыгразіў «неадкладнаю рэакцыяй» альянсу, калі Сірыя наважыцца ўжываць хімічную зброю.

Раней сірыйскія ўлады заяўлялі, што ні пры якіх абставінах не будуць выкарыстоўваць ЗМЗ супраць уласнага насельніцтва, аднак не выключылі такой магчымасці ў выпадку «замежнай агрэсіі». Паводле афіцыйных сірыйскіх медыяў, рэжым вядзе барацьбу не супраць паўстанцаў-суграмадзянаў, а менавіта супраць «замежных тэрарыстаў, якім дапамагаюць Турцыя, Катар, ЗША ды Ізраіль».

belsat.eu паводле lenta.ru

Стужка навінаў