Абвінавачаны ў здрадзе дзяржавы Андрэй Гайдукоў застанецца за кратамі


Суд адмовіўся задаволіць хадайніцтва аб змене захады стрымання. Пра гэта паведаміў таварыш Гайдукова, лідар аб’яднання “Саюз маладых інтэлектуалаў” Яўген Канстанцінаў.

Паводле яго, суд паводле хадайніцтва Гайдукова аб змене захады стрымання адбыўся ўчора 3 снежня. “Рашэнне прадказальнае, хоць сам Гайдукоў спадзяваўся на змену захады стрымання з утрымання пад вартаю на падпіску аб нявыездзе”, – кажа Канстанцінаў.

Ён таксама адзначыў, што Гайдукоў па-ранейшаму абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці).

Таксама Канстанцінаў паведаміў, што сяброўка Гайдукова Святлана атрымала ад яго ліст, датаваны, як мяркуецца, “да 17 лістапада”. Андрэй піша, што “выпадкова апынуўся ў хвалі падзеяў, якія, імаверна, закранаюць шырокія інтарэсы краіны, грамадства, палітыкі”. “Ён пісаў, што тэарэтычна яго ўжо можна адпускаць пад падпіску да суда і паводле той жа тэорыі можна трымаць у СІЗА да Новага года”, – кажа ён.

“Андрэй таксама просіць падрыхтаваць за яго кантрольныя, якія ён мусіць здаць на зімовай сесіі. Ён завочна вучыцца на 5-м курсе хімічна-тэхналагічнага факультэту Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту, то бок, ён разлічваў, што здасць сесію. Таксама піша, што атрымаў чаканую пасылку ад мамы”, – кажа Яўген Канстанцінаў.

Паводле ягонай інфармацыі, маці Гайдукова Вольга планавала на гэтым тыдні сустрэцца са следчым Алегам Барысевічам. “Аднак, наколькі я ведаю, следчы заявіў, што мае дапытаць маці ў справе сына. Гэты допыт, відаць, адбудзецца 4 снежня”, – адзначыў Канстанцінаў.

Намеснік старшыні “Саюзу маладых інтэлектуалаў” 23-гадовы Андрэй Гайдукоў быў затрыманы працаўнікамі КДБ у Віцебску 8 лістапада “ў момант закладання тайніка са звесткамі, што цікавяць замежныя спецслужбы”, паведамілі ў Цэнтры інфармацыі ды грамадскіх сувязяў КДБ. На Гайдукова распачатая справа паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці). Паводле гэтага артыкулу яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

belsat.eu

Стужка навінаў