Камітэт правоў чалавека ААН забавязаў Менск выдаваць целы пакараных смерцю


Таццяна Козяр, сястра забітага паводле абвінавачання ў тэракце ў менскім метро Уладзіслава Кавалёва, апублікавала поўны тэкст пастановы Камітэту правоў чалавека ААН адносна гэтай справы.

Арганізацыя забавязала ўлады Беларусі выдаваць целы асуджаных на смяротнае пакаранне іхным сваякам, а таксама паведамляць пра месца пахавання расстраляных. Для гэтага афіцыйны Менск мусіць унесці адпаведныя змены ў Крымінальна-выканаўчы кодэкс.

Беларусь не падала ніякай інфармацыі пра тое, што правяла расследаванне паводле заяваў пра псіхічны ціск на Кавалёва з мэтаю схіліць яго да прызнання віны, хоць такія скаргі дзяржава мусіць расследаваць неадкладна. Зыходзячы з гэтага, Камітэт прыйшоў да высновы, што Беларусь практыкавала ў дачыненні маладзёна бесчалавечнае абыходжанне.

Нягледзячы на тое, што Уладзіслаў падчас судовых паседжанняў адмовіўся ад дадзеных у часе следства прызнальных паказанняў, менавіта гэтыя прызнанні леглі ў падмурак ягонага абвінавачання.



Кавалёва не мелі права ўтрымліваць за кратамі 5 месяцаў да суда

Беларусь не разгледзела скаргі на тое, што абвінавачанага затрымалі 12 красавіка 2011 года, а першае судовае паседжанне адбылося толькі 15 верасня таго ж года. Паводле Камітэту ААН, затрыманне да суда ў гэтым выпадку мусіла доўжыцца не больш за колькі дзён, утрыманне пад вартаю цягам пяці месяцаў супярэчыць патрабаванню тэрміновасці і ёсць парушэннем правоў Кавалёва.

Акрамя таго, не быў выкананы прынцып прэзумпцыі невінаватасці. Гэтак, шэраг службовых асобаў рабілі публічныя заявы пра віну Уладзіслава Кавалёва яшчэ да ягонага асуджэння, а медыі публічна рэпрэзентавалі матэрыялы папярэдняга следства задоўга да разгляду справы ў судзе.



Дзяржава парушыла права Кавалёва на абарону

Беларусь не зняпраўджвае, што да Кавалёва шмат разоў не дапускалі адваката (а за час папярэдняга расследавання праваабаронца змог наведаць яго толькі аднойчы), што не захоўвалася канфідэнцыйнасць іхных сустрэчаў, а часу для рыхтавання абароны было недастаткова.

«Умовы, у якіх спадару Кавалёву дапамагаў ягоны адвакат – як падчас папярэдняга расследавання, так і ў хадзе судовага працэсу – неспрыяльна паўплывалі на ягоныя магчымасці для рыхтавання сваёй абароны», – мяркуюць у Камітэце правоў чалавека.

Парушылі і права Кавалёва на перагляд ягонае справы, бо ў выраку Вярхоўнага Суда адзначаецца: прысуд канчатковы і абскарджанню не падлягае. Наглядная скарга, з якой спрабаваў скарыстаць Уладзіслаў, не можа лічыцца пераглядам, дадалі ў Камітэце.

Беларусь працягвае бесчалавечна абыходзіцца з сям’ёю Кавалёва

Камітэт правоў чалавека прыйшоў да высновы, што афіцыйны Менск парушыў правы не толькі Уладзіслава Кавалёва, але і ягоных сваякоў.

З 13 сакавіка, калі прэзідэнт адмовіўся памілаваць хлопца, да паведамлення 17 сакавіка аб прывядзенні смяротнага прысуду ў выкананне ўлады не раскрывалі інфармацыі ні пра месцазнаходжанне Кавалёва, ні пра ягоны стан.

«Камітэт з разуменнем ставіцца да цяглых пакутаў і псіхічнага стрэсу, прычыненых маці і сястры асуджанага, з прычыны безупыннай нявызначанасці адносна абставінаў ягонае смерці, а таксама месца ягонага пахавання. Поўная сакрэтнасць вакол даты экзекуцыі і месца пахавання, а таксама адмова выдаць цела для пахавання ў адпаведнасці з рэлігійнымі перакананнямі і звычаямі сям’і пакаранага зняволенага – стварылі эфект запалохвання і пакарання сям’і шляхам наўмыснага пакідання яе ў стане невядомасці і псіхічнага стрэсу», – заявілі ў арганізацыі.

Камітэт запрасіў ад дзяржавы інфармацыю пра захады, якія ўлады Беларусі мусяць зрабіць згодна з пералічанымі патрабаваннямі. Афіцыйны Менск павінен адсправаздачыцца цягам 180 дзён.

Цалкам дакумент можна прачытаць тут.

belsat.eu

Стужка навінаў