Мараканская мара беларускай дзяўчыны


Грамадская актывістка Ганна Пракоф’ева з Гомля распавяла «Белсату», як здзейсніць сваю мару на адным энтузіязме і што замінае беларусам зрэалізаваць сябе.

Маеш ідэю – падзяліся

Пасля навучання ў Польшчы, Нямеччыне і Англіі, працы ў шматкультурнай камандзе Ганна захацела зрабіць штосьці сваё. Трэнінгі міжкультурнага менеджменту маюць на мэце дапамагчы людзям увайсці ў іншую культуру ці нават працоўны калектыў.

«Пра сваю ідэю абавязкова трэба распавядаць кожнаму, хто хоць нейкім чынам можа дапамагчы ці нешта параіць. Праз нейкі час яна змяняецца, перастае быць цалкам тваёй, але ж не робіцца ад гэтага горшаю», – зазначае дзяўчына.

Пасля быў кароткі адукацыйны праект у Румыніі, дзе Ганна зразумела, што́ яна мусіць змяніць у сваім жыцці, і знайшла чалавека, які падзяляў ейныя мары. Маладая грамадская актывістка Ґабрыеле Сабунайце (Gabrielė Sabunaitė) з Літвы ўжо працавала валанцёркаю ў Марока і таксама хацела зрабіць штосьці большае. Разам яны запланавалі стварыць мабільны цэнтр нефармальнай адукацыі, дзе навучэнцы атрымлівалі б веды ў вольнай форме, без бар’еру паміж выкладчыкам і слухачом, і гэтымі ведамі маглі б падзяліцца з кожным: ад студэнтаў мараканскіх універсітэтаў да вясковай моладзі.

Зацікавіць адукацыйным праектам спонсараў не ўдалося. Праўда, Фонд Сораса ўсё ж такі згадзіўся падтрымаць дзяўчат, але ўжо калі тыя вярнуліся з Марока. У выніку, сабраўшы грошы на квіткі ды скантактаваўшыся з мясцовымі недзяржаўнымі адукацыйнымі арганізацыямі, Ганна і Ґабрыеле адправіліся ў Марока, маючы пры сабе толькі 100 еўраў на два месяцы.

Дзе бульба смачнейшая і студэнты цікаўныя.

«Мараканцы ўразілі сваёй гасціннасцю: калі мы не ведалі, дзе штосьці набыць, людзі, у якіх мы гасцілі, проста прыносілі нам патрэбныя рэчы, хоць краіна гэтая не належыць да самых багатых», – зазначае Ганна.

Спачатку нялёгка было і праз рэлігійныя адрозненні. Каралеўства Марока – ісламская краіна, і кожная размова з дзяўчатамі пераводзілася на тэму ісламу, пра які мараканцы імкнуліся распавесці гасцям з Еўропы як мага болей.

У сваю чаргу навучэнцы Ганны і Ґабрыеле, у адрозненне ад шмат каго з еўрапейцаў, выдатна ведалі, дзе месціцца Беларусь. Большасць моладзі добра валодае трыма мовамі (арабскаю, французскаю і англійскаю), а студэнты прагнуць ведаў.

«Найбольш пільныя былі слухачы з вёсак, дзе няма шанцаў на добрую адукацыю. Тым часам студэнты вялікіх ВНУ больш нагадвалі беларускіх, калі да іх прыязджаюць замежнікі: саромеліся чагосьці, нібыта баяліся пераступіць нейкую мяжу. З іншага боку, ці беларускія студэнты зацікавіліся б такім праектам?» – разважае Ганна.

Дзяўчына ўзгадвае славутую беларускую «абыякавасць», гаворачы пра тое, чаму так мала актыўнай моладзі ў Беларусі, і прызнаецца, што «сама была такою».

«Мяне змяніла еўрапейская адукацыя, якая не ставіць за мэту прынізіць ці пакараць вучня. Ад цябе нічога не патрабуюць, а даюць магчымасць зрабіць. Як – мусіш вырашыць сам. У нас штосьці зменіцца толькі пасля кардынальнай рэформы адукацыі», – мяркуе яна.

На праекце актывісткі нічога не зарабілі, акрамя неацэннага досведу, зладзіўшы ўсё за свае грошы.

Тым часам Ганна сумуе па мараканскіх слодычах, апельсінах, якіх нельга параўнаць з тымі, што даязджаюць да Беларусі, і нават мараканская бульба падалася смачнейшаю за беларускую.

belsat.eu

Стужка навінаў