З Менску ўцякае вайсковы аташэ Нямеччыны (+ каментар МЗС Беларусі)


У Беларусі спыненая дзейнасць нямецкага апарату вайсковага аташэ. Улады Нямеччыны пайшлі на такі крок у сувязі з масавымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі.

Міністр абароны Нямеччыны Томас дэ Мэзьер пасля нарады ў замежнапалітычным ведамстве краіны прыняў рашэнне закрыць штаб вайсковага аташэ пры пасольстве Нямеччыны ў Менску. Усе працаўнікі апарату былі адкліканыя з беларускай сталіцы ў нядзелю, 2 снежня. Улады Нямеччыны палічылі немагчымаю далейшую вайсковую супрацу з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, які жорстка пераследуе грамадскіх актывістаў і практыкуе катаванні.

Рашэнню прыпыніць місію вайсковага аташэ ў Беларусі папярэднічалі дыпламатычныя крокі абедзвюх краінаў. У верасні 2012 г. нямецкі ўрад канстатаваў адсутнасць пазітыўных зрухаў на беларускай палітычнай арэне, працяг пераследу іншадумцаў і абмежаваў вайсковую супрацу. У адказ Менск спыніў супрацу ў вайсковых пытаннях з нямецкаю арміяй.

Створаны ў 1993 г. апарат вайсковага аташэ пасольства Нямеччыны ў Менску назіраў за працэсамі развіцця і рэфармавання беларускай арміі ды яе ўзаемадзеяннем з узброенымі сіламі іншых дзяржаваў і міжнароднымі структурамі бяспекі – СНД, НАТО, АБСЕ і ААН. Таксама ён падаваў беларускаму Міністэрству абароны інфармацыю ў пытаннях, што датычаць вайсковай абароны Нямеччыны.

Каментар беларускага боку: Гэта абсурд

Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Савіных пракаментаваў адкліканне з Менску вайсковага аташэ Нямеччыны. Савіных назваў гэта “надуманым крокам”, які супярэчыць агульнаеўрапейскім намаганням умацоўваць бяспеку. Паводле прадстаўніка беларускага МЗС, такое рашэнне прадыктаванае абвастрэннем палітычнай барацьбы паміж нямецкімі партыямі.

“Захапляючыся партыйнымі манеўрамі, нямецкія палітычныя дзеячы губляюць здаровы сэнс і прымаюць абсурдныя рашэнні. У гэтым кантэксце міністра абароны можна толькі пашкадаваць, бо, як вядома, у абсурду межаў няма”, – падкрэсліў Савіных.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары