Расея і Беларусь мацуюць межы. Ад плюшавых мядзведзікаў?


Расея і Беларусь ўкладуць 2,8 млрд расейскіх рублёў у рэалізацыю Праграмы ўмацавання памежнай бяспекі Саюзнай дзяржавы. Пра гэта паведаміў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Грыгорый Рапота.

Краіны ўжо прыступілі да рэалізацыі 5-й Праграмы ўмацавання памежнай бяспекі Саюзнай дзяржавы да 2016 г., перадае ИТАР-ТАСС.

“Гэтыя сродкі накіроўваюцца на будаўніцтва аб’ектаў памежнай інфраструктуры, тэхнічнае абсталяванне памежных службаў і войскаў, укараненне найноўшых інжынерных ды іншых распрацаванняў, а таксама навучанне адмыслоўцаў”, – удакладніў дзяржсакратар.

Паводле яго, сёння ў ахове мяжы ўсё большы акцэнт робіцца на выкарыстанне сучаснай тэхнікі, і ў гэтых умовах тэхнічнаму пераўзбраенню межаў Саюзнай дзяржавы надаецца асаблівая ўвага. “Там, дзе раней было 50–100 чалавек, цяпер дастаткова двух-трох чалавек, якія, выкарыстоўваючы сучасную інжынерную тэхніку, кантралююць велізарны ўчастак мяжы”, – заўважыў чыноўнік.

Для аховы супольнай мяжы плануецца таксама выкарыстанне беспілотнай авіяцыі ды запрашэнне расейскіх памежнікаў у Беларусь.

Цікава, што пра ўмацаванне мяжы з Еўразвязам Беларусь загаварыла пасля сёлетняга інцыдэнту са шведскім дэсантам плюшавых мядзведзікаў.

belsat.eu

Стужка навінаў