Юрый Хашчавацкі: Тэлебачанне стала сілавою структураю, толькі б’е па мазгах


https://youtu.be/qwTOrlKYABk
https://youtu.be/ZfBZnyDDts0
Кінарэжысёр звяртае ўвагу на тое, з дапамогаю якіх сродкаў сфабрыкавалі фільм “Жалезам па шкле”.

“Якая назва – такі і фільм. Ну і што, што жалезам па шкле? Каб хацелі напужаць, трэба было б сказаць: дубінкамі па жывых людзях – па жанчынах, па старых, па дзецях, – гэта жудасна. А жалезам па шкле – проста непрыемны гук, і ўсё. Такое адчуванне непрыемнага гуку ад гэтага фільму”, – гэта ўражанні кінарэжысёра Юрыя Хашчавацкага пра паказаную на дзяржаўным тэлебачанні стужку “Жалезам па шкле”, якая нібыта выкрывае спробы апазіцыі ажыццявіць дзяржаўны пераварот.

У інтэрв’ю “Белсату” ён звяртае ўвагу на тое, што ў фільме хаваюць твары толькі сілавікі, якія збіваюць людзей на Плошчы. Паводле яго, тэлебачанне, якое тыражуе падобныя прадукты, таксама ператварылася ў сілавую структуру. “Толькі б’е яно па мазгах”, – кажа Хашчавацкі.

“За гэты фільм мы яшчэ судзіць будзем. І ягоных аўтараў чакае самае страшнае – імі будуць пагарджаць іхныя дзеці ды ўнукі, яны будуць хаваць галаву ў плечы праз тое, што маюць такое прозвішча. Гэта будзе самае вялікае пакаранне”, – перакананы кінарэжысёр.

Юрый Хашчавацкі прыводзіць наступны прыклад: прэзідэнт ЗША Ніксан у свой час трапіў пад імпічмент, паколькі знайшліся доказы, што ён праслухоўваў сваіх канкурэнтаў. Улады ж Беларусі самі ўсім распавядаюць, што праслухоўвалі кандыдатаў. “Яны прызнаюцца ўсім, што ў нас паліцыйная дзяржава, і ім падаецца, што гэта нармальна!”

Спыніўся кінарэжысёр і на асаблівасцях мантажу: “Вы ўявіце сабе, што вы некаму па тэлефоне адказваеце: “Так!” Я вас пытаюся: “Вы былі ўчора ў лазні?” Вы адказваеце: “Так!” А мы ўставім вам пытанне: “Вы пойдзеце забіваць прэзідэнта?” У іхным распараджэнні ёсць іншыя кадры. Напрыклад, калі Рымашэўскі намагаецца адагнаць тых людзей, якія збіраюцца біць шыбы. Альбо калі натоўп скандуе: “Назад!”

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары