Цэнтр падтрымання сям’і, мацярынства і дзяцінства «Пакравы», што адчыніўся летась у Бабруйску, – цалкам прыватная ініцыятыва. Пачынальнікам праекту быў жыхар Бабруйску Андрэй Зубенка.
«Напачатку, калі я прыйшоў у царкву, я быў валанцёрам бабруйскай епархіі ў моладзевым аддзеле… Мы адраджалі царкву. Калі царква была адбудаваная, я адчуў, што мне трэба нейкая свая дзейнасць, што я магу сам нешта стварыць. Я бачу, як усё гэта робіцца ў іншых краінах, у Расеі, адчуваю, што і тут можна пабудаваць структуру дапамогі. Таксама бачу, якія праблемы сёння існуюць у сем’ях. Так і прыйшла гэтая ідэя – стварыць цэнтр, які б мог, не будучы ад некага залежным, аказваць людзям дапамогу», – распавядае Андрэй Зубенка.
Дарэчы, сам Андрэй мае немалую ў сучасным разуменні сям’ю – хутка ў іх з жонкаю народзіцца трэцяе дзіця.
«Захавай жыццё» – рух у абарону ненароджаных
Надзея (38 гадоў), шматдзетная маці, чацвёртае дзіця якой нарадзілася сёлета 24 кастрычніка, распавядае: «У мяне трое дзяцей. Калі я зацяжарыла чацвёртым, то пачаліся сумневы. Ведаеце, як гэта бывае… Думкі пра тое, як пракарміць, апрануць».
Маятнік няпэўнасці ў нейкі момант пахіснуўся ў бок аборту.
«У той дзень, калі я ўсё ж пайшла рабіць «вакуум», – працягвае Надзея, – я раніцаю прасіла Бога, каб Ён даў мне знак, каб я зразумела, ці правільна я раблю, ці не. У той дзень у кансультацыі я сустрэла Андрэя. Калі ён запрасіў мяне на размову, і я ўбачыла ў пакоі іконы, я яму сказала: нічога мне не кажыце – я ўсё зразумела».
Жанчына пайшла з жаночай кансультацыі з цвёрдым рашэннем захаваць жыццё свайму дзіцяці.
Андрэй Зубенка кажа, што рэакцыя людзей на кансультаванне бывае розная. Нехта не хоча нават слухаць, нехта пачынае спрачацца і даводзіць слушнасць прычынаў, што падштурхнулі да аборту. Але ёсць і тыя, хто, як Надзея, сустракаюць у асобе працаўніка «Пакравоў» падтрыманне або знак, якога чакалі. Ці тыя, якія задумваюцца, выходзяць з чаргі каля кабінету, а потым тэлефануюць Андрэю і паведамляюць, што адмовіліся ад аборту.
Паводле Андрэя Зубенкі, такіх жанчын, якія дзякуючы кансультацыям валанцёраў вырашылі захаваць дзіця, ужо 29. І яны ўдзячныя таму, што іхны лёс так склаўся, што размова адбылася ў той самы момант, калі было так блізка да кропкі незвароту.
Прытулак для цяжарных жанчын і жанчын з дзецьмі
Дапамагчы такім жанчынам і дзецям, абараніць іхнае фізічнае, псіхічнае і духоўнае здароўе цэнтр «Пакравы» плануе праз стварэнне сацыяльнага прытулку. Андрэй Зубенка распавядае, што хоча стварыць цэнтр усебаковай дапамогі цяжарным жанчынам і жанчынам з дзецьмі. Ініцыятыву падтрымала Праваслаўная Царква, у прыватнасці Бабруйская епархія, якая перадала «Пакравам» для гэтай мэты будынак непадалёк цэнтру гораду. Цяпер там вядзецца рамонт.
Адкрыццё хочуць прымеркаваць да свята Пакрову Найсвяцейшай Багародзіцы 14 кастрычніка 2013 г. У такі цэнтр жанчына, якая трапіла ў складаную сітуацыю, зможа звярнуцца ў любы момант, і там яна знойдзе падтрыманне і дапамогу: матэрыяльную, псіхалагічную, духоўную. Пажыць у прытулку жанчына зможа каля года.
Замест рэкламы – напамін пра каштоўнасць жыцця
Яшчэ напрыканцы мінулага года бабруйчане маглі заўважыць у грамадскім транспарце кранальныя плакаты, якія заклікалі да захавання жыцця ненароджаным дзецям. Пазней на вуліцах горада пачалі з’яўляцца білборды з такім жа натхняльным зместам: «Калі я з’яўлюся на свет, я буду радаваць цябе», «Упусці мяне ў сваё сэрца», «Трэцюю ўсмешку ў кожную сям’ю» і г.д. Сёння ў горадзе такіх білбордаў ужо 15. Андрэю Зубенку ўдалося атрымаць дазвол ад гарвыканкаму на размяшчэнне білбордаў на бачных месцах.
Госці гораду адзначаюць, што не бачылі такой рэкламы ў іншых гарадах Беларусі. Бабруйчане ж вельмі прыязна ставяцца да гэтай ініцыятывы. Адзін з апытаных гараджанаў адзначыў: «Мне падабаецца гэтая рэклама. Такія дзеткі заўсёды прыгожанькія, словы добрыя. Адразу неяк утульней робіцца, цеплыні і душэўнасці гэта нашаму гораду надае, дый задумацца прымушае».
Андрэй Зубенка плануе павялічыць колькасць білбордаў, а таксама выйсці з гэтым праектам у іншыя гарады Беларусі.
Патрэбныя валанцёры
Цэнтр «Пакравы» працуе дзякуючы ахвяраванням. Але Андрэй Зубенка адзначае, што галоўнае нават не грошы, а людзі, якія б не заставаліся абыякавымі да чужой бяды і былі гатовыя падаць руку дапамогі. Дзякуючы такім людзям дзейнасць цэнтру «Пакравы» ўжо мае свой плён, а наперадзе яшчэ шмат цікавых і сапраўды патрэбных беларускаму грамадству ініцыятываў.
belsat.eu