Эксперты: Менск дагэтуль у «савецкім мінулым»


Гарадская прастора беларускай сталіцы не змяняецца праз ментальнасць жыхароў і строгі кантроль дзяржавы, мяркуюць знаўцы.

На публічнай дыскусіі ў сталічнай галерэі сучаснага мастацтва «Ў», прысвечанай зменам гарадской прасторы ў постсацыялістычных краінах, эксперт у пытаннях урбаністыкі з Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Ганна Пазняк адзначыла: менчукі схільныя ўспрымаць горад часткова, у рамках асобных раёнаў і інфраструктуры, але не бачаць гораду ў цэлым.

Акурат таму, мяркуе яна, акцыі за захаванне паркаў, двароў, крамаў, кавалачкаў старога гораду не папулярныя і не масавыя. З гэтай прычыны, на думку адмыслоўцы, шмат якія ўрбаністычныя працэсы, натуральныя для еўрапейскіх гарадоў (да прыкладу, ператварэнне працоўных раёнаў у камерцыйныя зоны), застаюцца чужымі для беларускай сталіцы.

Сваю думку Ганна Пазняк падмацавала вопытам Усходняга Берліну. Пасля падзення Берлінскага муру там засталося шмат пустых дамоў, жыхары якіх перасяліліся ў заходнюю частку гораду. Пакінутыя будынкі занялі мастакі, якія зладзілі там свае майстэрні, там пасяліліся студэнты і грамадскія актывісты. Паступова ў раёнах развівалася інфраструктура, яны рабіліся моднымі – у выніку кошты на нерухомасць там моцна раслі і рабіліся недаступнымі арт-супольнасці. Прадстаўнікі творчых прафесіяў пераязджалі ў іншы бедны квартал, дзе гэты працэс паўтараўся.

У Менску ж ператварэнне спальнага раёну ў фешэнебельны з падачы арт-супольнасці – цяжкавыканальная задача, бо ўсе працэсы строга кантралююцца дзяржаваю з прычыны вертыкальнай структуры ўлады, адзначыла Ганна. Акрамя таго, беларуская культурная супольнасць вельмі разрозненая і не мае пераемнасці пакаленняў. На думку знаўцы, для таго, каб мець «права на горад», права голасу, крэатыўным людзям трэба аб’яднацца, прычым не на віртуальнай пляцоўцы ў сацыяльных сетках, а ў рэальнасці.

Пакуль жа сітуацыю ў Менску ўдзельнікі дыскусіі ацэньваюць гэтак: «Ёсць горад і ёсць людзі – яны па розныя бакі барыкадаў».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары