ЗША просяць выдаць сына Бакіева


Вашынгтон звярнуўся ў Лондан з афіцыйным запытам аб экстрадыцыі сына былога прэзідэнта Кыргызстану Максіма Бакіева, якога Злучаныя Штаты абвінавачваюць у шэрагу злачынстваў.



Калі Максіма Бакіева выдадуць, яго чакае судовы працэс і зняволенне на працяглы тэрмін.

Малодшага сына экс-прэзідэнта Кыргызстану затрымалі ў Лондане 12 кастрычніка на падставе запытаў кіргізскага і амерыканскага бакоў. У ЗША Максіма Бакіева абвінавачваюць у махлярстве з каштоўнымі паперамі і ў перашкодзе ажыццяўленню правасуддзя. Суд Лондану вызваліў Бакіева-малодшага пад грашовы заклад, а слуханні ў справе ягонай экстрадыцыі ў ЗША прызначаныя на 7 снежня.

У Кыргызстане Максіма Бакіева абвесцілі ў міжнародны вышук паводле абвінавачання ў цяжкіх эканамічных злачынствах і карупцыі. Да змены ўлады ў рэспубліцы ў красавіку 2010 года ён ачольваў Цэнтральнае агенцтва развіцця, інвестыцыяў і інавацыяў. Лічылася, што ён кантраляваў усе фінансавыя плыні краіны і прыбытковыя сферы эканомікі.

Пасля ўцёкаў з Кыргызстану ў 2010 годзе экс-прэзідэнт Курманбека Бакіева, ягонага брата Жаныша з іхнымі сем’ямі прынялі ўлады Беларусі.



Бішкек аб’явіў братоў Бакіевых у міжнародны вышук за шматлікія злачынствы і неаднаразова звяртаўся да беларускага боку з просьбаю выдаць іх. Афіцыйны Менск адмовіў у экстрадыцыі братоў, заявіўшы, што не знаходзіць для гэтага прававых падставаў.

Сёлета ў жніўні адзін з актывістаў беларускай апазіцыі выпадкова сфатаграфаваў Жаныбека Бакіева, які выходзіў з кавярні ў цэнтры Менску. Кіргізскі бок ізноў звярнуўся да ўладаў Беларусі з просьбаю затрымаць кіргізскага экс-прэзідэнта. Пасля адсутнасці рэакцыі з Менску, улады Кыргызстану адклікалі з беларускай сталіцы свайго амбасадара.

belsat.eu

Стужка навінаў