Захварэў і не з’явіўся ў ваенкамат? Тады гэта падваенне асобы


Прызыўніка са Светлагорску звольнілі з працы і прызналі праблемы з псіхікаю праз адмову ісці ў ваенкамат.

Звольнілі 19-гадовага працаўніка Светлагорскага ўпраўлення буравых працаў Паўла Пакідзьку. Адміністрацыя прадпрыемства назвала прычынаю прагул, аднак хлопец і ягоныя бацькі лічаць, што такім чынам маладзёна вырашылі пакараць за адмову ісці ў ваенкамат у дзень, калі ён быў на бальнічным, падае праваабарончы цэнтр «Вясна».

Калі Павел выйшаў на працу, начальнік аддзелу кадраў Мікалай Чырва (былы старшыня Савету дэпутатаў) запрасіў яго ў свой кабінет, каб высветліць, чаму працаўнік не з’явіўся паводле позвы ў ваенкамат.

«Сын патлумачыў, што быў на бальнічным, хацеў далячыцца, а тады ўжо вырашаць пытанні з ваенкаматам, – тлумачыць маці прызыўніка Ала Пакідзька. – Але начальнік аддзелу кадраў сказаў, што сына звольняць. Праз гэтую размову Павел не паспеў на спецтранспарт, які давозіць працаўнікоў да буравой. У выніку начальства палічыла гэты дзень прагулам і сапраўды звольніла яго».

Пасля звальнення Павел паехаў на медычную камісію ў Гомель. У шпіталі высветлілася: шмат якія дакументы, што пацвярджаюць ягоныя хваробы, зніклі з асабістай справы. Доктар-псіхатэрапеўт, у сваю чаргу, скіраваў хлопца ў спецыялізаваную лякарню, выявіўшы ў прызыўніка падваенне асобы. «Я пытала дактароў: як такое можа быць? Мой сын працаваў у ахове, мае правы кіроўцы, ніколі не быў на ўліку ў псіхіятра. Адкуль тады такі дыягназ?» – не можа зразумець маці хлопца.

Абследаванне працягнецца да 5 снежня. Але бацькі сумняюцца ў сумленнасці дактароў і настойваюць на незалежнай экспертызе ў Менску.

Сваякі маладзёна маюць звярнуцца ў суд, каб хлапца ўзнавілі на працы і выплацілі маральную кампенсацыю. Суд запланаваны на 12 снежня.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары