Пастар «Новага жыцця» запісаўся на прыём да кіраўніка Менгарвыканкаму


Лідар Аб’яднання супольнасцяў поўнага Евангелля Беларусі, Вячаслаў Ганчарэнка, плануе абмеркаваць з Мікалаем Ладуцькам сітуацыю вакол будынку царквы.

У аддзеле зваротаў грамадзянаў Менгарвыканкаму паведамілі, што нягледзячы на шчыльны графік старшыні выканаўчага органу, сустрэча можа адбыцца.

Асноўнае пытанне, якое б хацеў закрануць пастар у размове з кіраўніком сталіцы, – гэта адмена пастановы Менгарвыканкаму ад 2005 года, якая пазбаўляе царкву «Новае жыццё» зямлі ды будынку.

{movie}Луканін: Мы спадзяемся на цуд|right|7825{/movie}«Усе астатнія рашэнні судоў базуюцца менавіта на гэтай пастанове Менгарвыканкаму. Варта адмяніць гэтае рашэнне – і ўсе праблемы адразу знікнуць, пастановы судоў перастануць забавязваць. Менгарвыканкам як прыняў, гэтак можа і адмяніць сваё рашэнне», – мяркуе юрыст «Новага жыцця» Сяргей Луканін.

Праўнік адзначыў, што царква гатовая пайсці на кампрамісы, каб не раздзімаць скандалу. «Мы не прыхільнікі сітуацыі і метадаў, якія могуць пашкодзіць Беларусі, пагоршыць імідж краіны ў міжнародным плане і г. д. Мы імкнемся дамовіцца мірна. Адзінае, што не падлягае кампрамісу, – тое, што мы не маем намеру пакідаць свой будынак, сваю царкву. Наконт усіх астатніх пытанняў можна дамаўляцца», – падкрэсліў Луканін.

Юрыст заклікаў беларусаў падтрымаць царкву малітоўна і слаць лісты ў Адміністрацыю прэзідэнта дзеля абароны «Новага жыцця».

«Калі 5 снежня прыйдуць судовыя выканаўцы, мы будзем у будынку маліцца, стаяць на каленях. Мы будзем верыць, што здарыцца цуд і Бог дасць нам перамогу», – зазначыў Луканін.

Паводле вернікаў, высяленне царкоўнай супольнасці – учынак бесчалавечны і амаральны. «Гэта нібы голас з пекла», – падкрэсліў адзін з вернікаў.{movie}Вернік: Высяленне Царквы нібы голас з пекла|right|7826{/movie}

Царква «Новае жыццё» змагаецца за ўласнае памяшканне з 2005 года. Тады ўлады Беларусі заявілі, што царква не можа выкарыстоўваць зямельнага надзелу для культавых мэтаў. Вернікі прайшлі больш за 30 судовых працэсаў, і ў 2009 годзе Найвышэйшы гаспадарчы суд вынес канчатковую пастанову: царква мусіць вызваліць будынак. Датуль «Новаму жыццю» ўдавалася адстойваць памяшканне дзякуючы пастам-галадоўкам ды шырокаму розгаласу справы сярод беларускага грамадства і міжнародных арганізацыяў.

belsat.eu

Стужка навінаў