Забудоўнікі «Бульбашъ Холлу» плануюць стварыць у Курапатах мемарыял


Кампанія, якая будуе забаўляльны цэнтр ва ўрочышчы Курапаты, распрацавала план стварэння адмысловага памятнага комплексу.

Фірма «БелРэстІнвест», якая выступае замоўцам будаўніцтва «Бульбашъ Холлу» непадалёк месцаў расстрэлу і пахавання ахвяраў сталінскага тэрору, накіравала праект мемарыялу для зацверджання ў Міністэрства культуры. Аднак пакуль невядома, што ўключае ў сябе праект.

Пра тое, што каля народнага мемарыялу ва ўрочышчы Курапаты на ўскраіне Менску будуюць забаўляльны комплекс, грамадскасць даведалася сёлета ў кастрычніку. Актывісты амаль адразу распачалі збор подпісаў супраць будаўніцтва «Бульбашъ Холлу».

На пачатку лістапада ў Менску аднавіла дзейнасць грамадская ініцыятыва «За ўратаванне мемарыялу Курапаты». Яе ўдзельнікі звярнуліся ў Генеральную пракуратуру, Менаблвыканкам і Міністэрства культуры з просьбаю правесці правяранне законнасці будаўніцтва рэстараннага комплексу.

Актывісты ініцыятывы дамагліся, каб Мінкультуры прыпыніла працы ў ахоўнай зоне каля ўрочышча. Прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры і Міністэрства культуры пацвердзілі, што часткова работы праводзяцца ў ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці без належнага дазволу. Аднавіць працы, як адзначаецца ў афіцыйным лісце, будзе магчыма пасля прывядзення ў адпаведнасць праектнай дакументацыі прававым нормам.

belsat.eu

Стужка навінаў