Магілёўцы тры дні пратэстуюць супраць знішчэння бярозавага гаю


На месцы зялёнай зоны ў мікрараёне Юбілейны акцыянернае таварыства «Домабудаванне» збіраецца ўзводзіць чатыры шматпавярховікі.

Пра намеры будаўнічай арганізацыі людзі даведаліся толькі тады, калі працаўнікі пачалі агароджваць пляцоўку пад першы дом і з’явілася тэхніка. Грамадскага абмеркавання перад пачаткам будаўніцтва не праводзілі, а цягам чатырох дзён з моманту старту працаў так і не паставілі інфармацыйнага стэнда.

Каля будаўнічай пляцоўкі месціцца жылы масіў са старою забудоваю – гэта пераважна «хрушчоўкі». Людзі непакояцца: калі пачнуць забіваць палі, іхныя дамы могуць не вытрымаць, бо ніхто не праводзіў адпаведнай экспертызы.

{movie}Дырэктар АТ: Не разумею па-беларуску|right|7811{/movie}Неабыякавыя жыхары мікрараёну пачалі высвятляць акалічнасці меркаванага будаўніцтва. Актывісты наведалі гарвыканкам ды іншыя дзяржаўныя ўстановы, адбыліся два стыхійныя сходы.

Паводле сабраных людзьмі звестак, на пляцоўцы пад першы дом будаўнікі збіраюцца высекчы 14 бярозаў. Жыхары пачуваюцца адказнымі за высаджаныя іхнымі рукамі дрэвы і маюць намер бараніць іх да апошняга.

Тым часам у будаўнікоў няма поўнага пакета дакументаў, якія б дазвалялі ім пачаць падрыхтоўчыя працы. Гарадскія чыноўнікі, паводле жыхароў, катэгарычна адмовіліся сустракацца з людзьмі на месцы будучай будоўлі без загаду вышэйшага кіраўніцтва.

Будаўнічая кампанія, паведамілі магілёўцы, распачала працы менавіта на гэтым месцы, бо сюды ўжо падведзеныя ацяпленне ды іншыя інжынерныя камунікацыі. Гэтак акцыянернае таварыства, на думку заклапочаных жыхароў, спрабуе зэканоміць.

{movie} Дырэктар АТ: Гэтыя пытанні не да мяне |right|7812{/movie}Удзень да жыхароў мікрараёну завітала цэлая дэлегацыя «Домабудавання» на чале з дырэктарам Канстанцінам Кожычам. Ён запэўніў, што больш за 14 бярозаў будаўнікі не высекуць, а замест іх высадзяць тут столькі ж дрэваў.

Жыхароў мікрараёну візіт забудоўнікаў ды іхныя адказы не задаволілі. Яны маюць намер пісаць зварот у абарону зялёнай зоны да прэзідэнта, а таксама патрабаваць сустрэчы з кіраўніцтвам гораду.

belsat.eu

Стужка навінаў