Бульбяныя пакуты


Афіцыйная статыстыка ўсцешана рапартуе пра рэкорды ўраджаю: сёлета сабралі ажно 240 цэнтнераў бульбы з гектара, што робіць Беларусь першаю ў свеце паводле колькасці бульбы на душу насельніцтва.

Бульба – гэта лад жыцця

Статыстыка як песня. Здавалася б, ёсць чым ганарыцца, аднак бульбяны гонар пакрысе падгнівае. Днямі гэта заўважыў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч. Маўляў, колькі можна захоўваць бульбу пад адкрытым небам у капцах?! Гэта ж мінулае стагоддзе!

Капец – найпрасцейшы спосаб захоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі. Вялікую кучу бульбы або іншых караняплодаў накрываюць саломаю або пілавіннем і прысыпаюць зямлёю.

{movie}Як перабіраюць бульбу ў Цяхціне |right|7808{/movie}Мясніковіч загадаў, каб да 1 снежня ўся бульба пераехала ў сучасныя, добра абсталяваныя сховішчы. Як гэта часта здараецца, аднаго загаду недастаткова: каля 90 тыс. тонаў бульбы ўсцяж застаецца ў капцах.

Здымачная група «Белсату» паехала на малую радзіму галоўнага аграрыя краіны ў пошуках гэтых сучасных сховішчаў.

Нанатэхналогіі ў дзеянні

Знайсці сучаснае бульбасховішча журналістам дапамог эксперт у сельскай гаспадарцы Пятро Мігурскі. Усяго за пяць кіламетраў ад Шклова, у вёсцы Кучарына, стаіць шэры ці то недабудаваны, ці то недаразбураны будынак, які і меўся замяніць капцы.

«Гэта тэрыторыя былога калгасу «Запаветы Леніна», калісьці гэты калгас быў лідарам у вырошчванні бульбы. Тут працавалі два кандыдаты навук, якія спецыялізаваліся акурат у захоўванні бульбы. Менавіта пад гэта вылучылі мільярды рублёў для так і не збудаванага бульбасховішча. Чаму не дабудавана? Прыйшлі новыя людзі, улада Лукашэнкі, пачалі змяняць кіраўнікоў, і паступова зліквідавалі ўсю вытворчасць», – зазначае Пятро Мігурскі.

{movie}Кастусёў і Мігурскі пра беларускую сельгаспадарку |right|7809{/movie}Аднак не ўсюды такая сітуацыя. Нездарма ж на сельскую гаспадарку ідуць вялізарныя датацыі, і штосьці проста мусіць працаваць належным чынам. За колькі кіламетраў ад Кучарына, у вёсцы Цяхцін, праца кіпіць. Аднак сучасных тэхналогіяў і тут не відаць. Жанчыны цягаюць сотні вёдзер бульбы з агульнай кучы. За дзень ім абяцалі плаціць 40 тыс. руб. Але адна з іх прызнаецца: ужо два тыдні, як грошай не відаць.

Экс-кандыдат на прэзідэнта Рыгор Кастусёў бачыць у гэты праяву тыповага стаўлення, маўляў, «што дзяржаўнае – не маё».

«Здаецца, укладаюцца вялікія сродкі, але ў выніку эфектыўнасць нізкая і сабекошт прадукцыі вельмі высокі. І што мы маем на выхадзе? І зерня шмат, і бульбы, і мяса, і малака шмат. Раптам жа увесну мы завозім бульбу з Марока і з Польшчы, мяса таксама з іншых краінаў… Што рабіць? Рэформы трэба пачынаць з прыватызацыі зямлі – перадавання ва ўласнасць тым, хто на ёй працуе. Тады будуць і станоўчыя вынікі», – падкрэслівае былы гаспадарнік.

Аднак чарговым загадам, нават пры жаданні, гэтай праблемы не развязаць. Паводле Кастусёва, распачынаць сельскагаспадарчыя рэформы трэба было «яшчэ ўчора», а сёння Беларусь ужо спазняецца.

belsat.eu

Стужка навінаў