Лукашэнка забараніў звальняцца з працы да канца мадэрнізацыі


Змяніць месца працы не змогуць рабочыя дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў канцэрну «Беллеспаперапрам». Тым часам тэмпы гэтай мадэрнізацыі кіраўніка краіны не задавальняюць.

«Увесь праект мадэрнізацыі дрэваапрацоўвання правалілі», – прыйшоў да высновы Лукашэнка падчас візіту на ААТ «Барысадрэў».

«Гэтыя гіганцкія праекты ў дрэваапрацоўванні звязаныя з дыверсіфікацыяй нашай эканомікі, – цытуе прэзідэнта дзяржаўнае агенцтва БелТА. – Я прыняў такое рашэнне, каб мы менш залежалі ад старэйшага брата, ад Захаду, амерыканцаў, а зазямліліся на свае рэсурсы: будматэрыялы, цэмент, сельская гаспадарка, калійныя ўгнаенні, у тым ліку дрэваапрацоўванне».

Намеснік старшыні канцэрну «Беллеспаперапрам» Сяргей Іваноў спрабаваў патлумачыць Лукашэнку, што прадпрыемствы не былі падрыхтаваныя да такой працы. Зацягванне тэрмінаў, на думку Іванова, вынікае са слабасці праектных арганізацыяў Беларусі.

«Навошта тады прынеслі мне ўказ па тэрмінах ды іншае, калі вы былі не гатовыя? – запярэчыў Лукашэнка. – Вы мусілі скончыць у 2009 годзе, а ўжо 2012-ы, і яшчэ два гады, гэта мінус пяць гадоў. Калі вы не ўмелі і былі не гатовыя, значыць, трэба было запрасіць пяць-дзесяць замежнікаў, нам бы гэта танней абышлося».

Згадваючы працу міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Нічкасава, галава дзяржавы прапанаваў: «Можа, нам міністра тут пакінуць? Хай дабудоўвае завод, адказвае за яго, калі ён праваліў будоўлю. Яшчэ Віцебск паглядзім, можа, яму яшчэ туды давядзецца ехаць і зарганізоўваць там справы. Як не можа ў міністэрстве, значыць, няхай зарганізоўвае».

«Я яшчэ ў Магілёве і Віцебску пабываю, – папярэдзіў Лукашэнка. – Баюся, што там мы можам страціць палову чальцоў ураду. Таму, каб не страцілі, трэба навесці парадак. Пройдзе яшчэ пара гадоў, я зноў потым буду ездзіць, як пастух, па прадпрыемствах і запускаць гэтыя заводы?»

Звяртаючыся да Нічкасава, кіраўнік краіны заявіў: «Каб не давялося ехаць на «Віцебскдрэў» працаваць, раю разабрацца з усімі праблемамі да таго, як я прыеду ў Гомель, Магілёў, Віцебск, Мазыр».

У зрыве тэрмінаў мадэрнізацыі Лукашэнка вінаваціць не толькі чальцоў ураду ды кіраўнікоў прадпрыемстваў, але і недысцыплінаваных рабочых. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў неабходнасць «жорсткага выканання» працоўнай дысцыпліны на прадпрыемствах. «Падрыхтуйце дэкрэт: да заканчэння мадэрнізацыі і рэканструкцыі забараняецца звальненне работнікаў; работнік не можа звольніцца з гэтага прадпрыемства без дазволу кіраўніка, – загадаў Лукашэнка. – Адпусцілі – хай сыходзіць, не адпусцілі – мусіць працаваць».

Прэзідэнт даручыў свайму памочніку Пятру Пракаповічу «няспынна трымаць на кантролі» рэалізацыю праектаў у дрэваапрацоўчай галіне: «Кожнае прадпрыемства, не толькі дрэваапрацоўчае, павінна мець план мадэрнізацыі… Гэта нават не абмяркоўваецца. Дзе будуць браць грошы? Гэта іхная справа з Надзеяй Ермаковай».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары