Дырэктар абсерваторыі БДУ: Прадказальнікі канца свету пераблыталі дату


Паводле Альгерда Кузнечыка, апошняя дата календара індзейцаў мая, з заканчэннем якога звязваюць Апакаліпсіс, – не 21 снежня 2012 года.

Аўтары псеўданавуковых артыкулаў на сотнях інтэрнэт-сайтаў звязваюць Апакаліпсіс з датаю, на якой канчаецца каляндар мая: сёлета 21 снежня. У гэты дзень, як яны цвердзяць, мае адбыцца парад планетаў, які ўрэшце прывядзе да знікнення ўсяго жывога на Зямлі.

Амерыканскае касмічнае агенцтва (NASA) ужо запэўніла, што заканчэнне індзейскага календара не прадказвае канца свету і параду планетаў 21 снежня не будзе.

Каляндар мая скончыцца ў 2066 годзе

{movie}Астролаг Ігар Кірушын пра канец свету|right|7802{/movie} Пра гэта заявіў 29 лістапада дырэктар абсерваторыі БДУ Альгерд Кузнечык. Ён распавёў, што 13 красавіка 2029 года на адлегласці каля 35 тыс. км ад Зямлі пройдзе астэроід № 99942, які з імавернасцю 0,045 % пры наступным сваім вітку можа рушыць да Зямлі. Дырэктар абсерваторыі дадаў, што робяцца «рэальныя спосабы пазбегчы гэтай з’явы».

Што датычыць календара мая, то тэрмінам, на якім ён канчаецца, навуковец лічыць снежань 2066 года. «Мова мая ў рэальнасці не захавалася, ёсць толькі каменныя стэлы з сімваламі, якія можна трактаваць па-рознаму. Да таго ж нідзе не напісана, што з заканчэннем календара скончыцца і цывілізацыя», – адзначыў Кузнечык.

Астролаг: будзе сусветны патоп

Паводле астролага Ігара Кірушына, найбліжэйшая дата канца свету наступіць не раней за 400 тыс. гадоў. Ён распавёў, што канец свету не можа адбыцца за адзін дзень, гэта працяглы працэс, які азначае не літаральнае знішчэнне планеты, а пераход ад адной цывілізацыі да другой.

«Канец свету мае розныя формы, такія, як, напрыклад, сусветны патоп, сусветны пажар, а таксама катаклізмы больш маштабныя, якія суправаджаюцца землятрусам і г. д.», – сказаў астролаг. Паводле яго, існуе канчатковае і прамежкавае разбурэнне сусвету, а таксама «розныя дробныя стадыі», якія суправаджаюць заканчэнне той ці іншай эпохі.

Кірушын сцвярджае, што праз 400 тысячагоддзяў адбудзецца вялікі патоп, пасля якога надыдзе зусім іншая эпоха.

belsat.eu

Стужка навінаў