Беларусь можа застацца без дапамогі ў барацьбе з ВІЧ / СНІД


Дзяржава выдаткоўвае толькі частку сродкаў, неабходных для супрацьдзеяння ВІЧ. Праца з групамі рызыкі, у ліку якіх – спажыўцы ін’екцыйных наркотыкаў, мужчыны, якія жывуць з мужчынамі, ды жанчыны секс-бізнесу, – вядзецца пераважна за кошт сродкаў Глабальнага фонду барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй. Неўзабаве арганізацыя спыніць фінансаванне праграмаў у Беларусі.

Прагназуецца, гэта адбудзецца ў 2015 годзе, пра што заявіла тэматычная каардынатарка беларускага грамадскага аб’яднання «Пазітыўны рух» Людміла Трухан.

Паводле актывісткі, сёння менавіта Глабальны фонд фінансуе працу грамадскіх арганізацыяў у справе выдання тэматычных матэрыялаў, правядзення бясплатнага абследавання на ВІЧ прадстаўнікоў групаў рызыкі і г. д. З сыходам Глабальнага фонду з Беларусі рэалізацыя існых праграмаў і кантроль за эпідэміяй спыніцца, лічыць Трухан. У гэтым выпадку можна чакаць новых выпадкаў захворвання, перш за ўсё сярод групаў насельніцтва, якія адрозніваюцца больш рызыкоўным паводзінамі.

У сваю чаргу прадстаўнік Міжнароднага альянсу ў справах ВІЧ / СНІД ва Украіне Генадзь Рашчупкін адзначыў, што сярод прычынаў спынення працы Глабальнага фонду ў Беларусі – эканамічны крызіс у краінах ЕЗ і ЗША, якія выступаюць як галоўныя донары арганізацыі. У гэтай сітуацыі Глабальны фонд перакіроўвае сродкі на падтрыманне найбяднейшых краінаў, у ліку якіх Беларусі няма. Ён дадаў, што апошняе пагадненне аб супрацы паміж урадам і Глабальным фондам прадугледжвае паступовы перавод дзейнасці ў справе супрацьдзеяння ВІЧ у Беларусі на дзяржаўнае фінансаванне. У першую чаргу гэта датычыць закупу лекаў.

Трухан спадзяецца, што ў Беларусі найбліжэйшым часам увядуць механізм дзяржаўнай сацыяльнай замовы, што дазволіць грамадскім арганізацыям атрымліваць фінансаванне ад дзяржавы. Укараненне сацыяльнай замовы прадугледжваецца законам ад 13 ліпеня «Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы Беларусі ў пытаннях сацыяльнага абслугоўвання». Аднак пакуль у нас гэты механізм не працуе, адзначыла адмыслоўца.

Паводле звестак Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, за ўвесь час распаўсюджвання ВІЧ у Беларусі зарэгістраваныя каля 14 тысяч выпадкаў захворвання. У тым ліку 1046 інфікаваных выяўленыя за 10 месяцаў гэтага года, тры чвэрці з іх заразіліся праз палавыя кантакты.

belsat.eu

Стужка навінаў