Да збітага вартаўніка пачалося «паломніцтва» міліцыянтаў


Яны прыходзяць на аўтастаянку, дзе працуе Васіль Сарочак, каб «паразмаўляць сам-насам».

Намесніца старшыні інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа» Алена Красоўская-Каспяровіч мяркуе, што візіты маюць на мэце «ўгаварыць ахвяру катаванняў прымірыцца са сваімі катамі і спусціць справу на тармазах».

«Аўтастаянка, на якой працуе Сарочык, зрабілася проста аб’ектам паломніцтва розных прадстаўнікоў міліцыі, якія адмаўляюцца назваць сваё імя і пасаду, просяць «пагаварыць» з Сарочыкам і нават выдаць ім дакументы, якія захоўваюцца на аўтастаянцы. У сераду, 28 лістапада, на стаянку заявіліся двое такіх прадстаўнікоў, назваліся проста працаўнікамі Ленінскага РУУС, папрасілі «пагаварыць з Сарочыкам сам-насам», – распавяла Алена Красоўская-Каспяровіч.

Апрача гэтага вартаўніка, які заявіў, што яго жорстка збілі ва УУС Ленінскага раёну Менску, пачалі зноў настойліва запрашаць на допыт. Апошнія два дні яму тэлефануюць з розных падраздзяленняў міліцыі Ленінскага раёну.

Апошнія два дні на тэлефон Сарочыка пачалі паступаць званкі з розных структурных падраздзяленняў міліцыі Ленінскага раёну з просьбаю прыйсці на «допыт». «Пры гэтым Ленінскі РУУС не вельмі імкнецца выклікаць Сарочыка позваю і тлумачаць гэта тым, што «вельмі трэба» і «нічога страшнага», – дадала намесніца старшыні інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа».

Яна паведаміла, што Сарочык адмаўляецца ісці без афіцыйнай позвы. Пасля адной такой адмовы з’явіцца ў АБЭЗ Ленінскага раёну на гутарку апавяшчэнне яму даставілі а 20:00 дадому і ўручылі родным. «Тым не менш, Сарочык заявіў, што ўсе позвы і візіты ён будзе ўзгадняць са сваім адвакатам і з’яўляцца на ўсе следчыя дзеянні толькі з ім», – адзначыла Красоўская-Каспяровіч.

Паводле яе, кіраўніцтва аўтастаянкі не пускае такіх людзей у памяшканне і размаўляць з імі не жадае, бо яны не называюць сябе. «Любыя спробы ўбачыць іх пасведчанні і даведацца імёны візіцёраў заканчваліся поўнай адмоваю».

belsat.eu

Стужка навінаў