Следчы камітэт не можа разабрацца ў тэкстах Андрэя Пачобута


У крымінальнай справе гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута прызначаная чарговая лінгвістычная экспертыза. Гэтым разам яе правядзе Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.

Гэта ўжо чацвёртая лінгвістычная экспертыза ў гэтай справе. «Пасля Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, Белдзяржуніверсітэту і Акадэміі навук, якія прайшліся па маіх артыкулах, знайшоўшы там цэлы букет крымінальных артыкулаў, Следчаму камітэту чамусьці спатрэбілася дадатковае меркаванне сціплага Гарадзенскага ўніверсітэту», – адзначыў журналіст. {movie}Андрэй Пачобут пра працяг крымінальнай справы|right|7775{/movie}

Ён лічыць, што гэтая экспертыза прызначаная для таго, каб даць следчым дадатковы час. «Рэч у тым, што следства мне працягваюць кожны месяц. Цяпер жа, на час правядзення экспертызы, следства як бы прыпыняецца. Гэта значыць, я застаюся абвінавачаным, дзее падпіска аб нявыездзе і гэтак далей, а тэрмін следства не адлічваецца да заканчэння экспертызы», – патлумачыў Пачобут.

Паводле журналіста, следчы пазнаёміў яго з вынікамі тэхнічнай экспертызы канфіскаваных камп’ютараў. «Камп’ютары экспертам знаёмыя, яны іх і мінулы раз правяралі. Вынік чаканы – «Белпартызан» і «Хартыя» з гэтага камп’ютара сапраўды наведваліся, тэкставыя файлы некаторых артыкулаў, якія фігуруюць у абвінаваўчым заключэнні, сапраўды ёсць. Цікава толькі тое, што экспертамі вёўся пошук файлаў паводле ключавых словах, сярод якіх апынулася загадкавае слова «Ліпковіч», – адзначыў Пачобут.

Тэхніку журналісту не вярнулі, бо гэтыя камп’ютары далучаныя да матэрыялаў справы.

Андрэй Пачобут паўторна абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 367 КК («Паклёп на прэзідэнта»). Пачобут быў затрыманы 21 чэрвеня ў сваёй гарадзенскай кватэры. Пасля ператрусу яго павезлі ў пракуратуру, а затым змясцілі ў следчы ізалятар. 30 чэрвеня журналіста вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.

Улетку мінулага года Пачобута ўжо судзілі за паклёп на прэзідэнта. Тады суд Ленінскага раёну Горадні прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем выканання на два гады. Цяпер журналісту пагражае пакаранне ў выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі на тэрмін да пяці гадоў.

Пачобут не прызнае сябе вінаватым і адмовіўся ад дачы паказанняў следству.

belsat.eu

Стужка навінаў