Перавод «шпіёна» Андрэя Гайдукова ў Віцебск – добрая навіна?


Абвінавачанага ў здрадзе дзяржаве Андрэя Гайдукова пераводзяць з менскага следчага ізалятару КДБ назад у Віцебск. Пра гэта паведаміў ягоны таварыш, лідар незарэгістраванага аб’яднання «Саюз маладых інтэлектуалаў» Яўген Канстанцінаў.

Паводле яго, 28 лістапада Гайдукова наведала адвакатка. «Ад адвакаткі стала вядома, што Гайдукова плануюць перавесці ў Віцебск. Ёй так сказаў следчы Алег Барысевіч. Можа быць, гэта пойдзе на карысць Гайдукова. Можа быць, яму рыхтуюцца перакваліфікаваць абвінавачванне», – мяркуе Канстанцінаў.

Ён адзначыў, што ў Віцебску ў КДБ няма структуры для ўтрымання падазраваных. Пра ягоную думку, гэта можа быць сігналам аб змене абвінавачання.

Пакуль Яўген Канстанцінаў не ведае, калі і куды перавядуць Гайдукова. Акрамя таго, ён адзначыў, што адвакатка яшчэ не падавала хадайніцтваў аб змене меры стрымання Гайдукова. Лідар Саюзу маладых інтэлектуалаў таксама паведаміў, што сваякі і сябры Гайдукова пакуль не атрымалі тых лістоў, якія ён адпраўляў з СІЗА КДБ у Менску.

У КДБ інфармацыю пра перавод Гайдукова ў Віцебск і магчымую змену абвінавачання не каментуюць.

belsat.eu

Стужка навінаў