Нападніку на кантралёрку пагражае да 5 гадоў турмы


Зламысніка, які ўжыў сілу да жанчыны, затрымалі. На яго завялі крымінальную справу.

Увечар 26 лістапада на кантралёрку, якая правярала квіткі ў грамадскім транспарце Наваполацку, накінуўся малады мужчына. Кабета спрабавала затрымаць безбілетную пасажырку з дзецьмі ды пастрашыла яе арыштам. Гэта абурыла аднаго з відавочцаў, які, учапіўшыся кантралёрцы ў валасы, даў магчымасць безбілетніцы ўцячы.

Пацярпелая кантралёрка звярнулася з заяваю аб нападзе ў міліцыю. Міліцыянты даволі хутка высветлілі асобу нападніка, якім аказаўся 28-гадовы новапалачанін. Яго абвінавачваюць у гвалце ў дачыненні службовай асобы. Сам мужчына патлумачыў свае брутальныя дзеянні тым, што хацеў заступіцца за дзяцей. Цяпер «шляхетнаму рыцару» пагражае штраф, папраўчыя працы, абмежаванне ці пазбаўленне волі да 5 гадоў.

Справу перадалі ў Следчы камітэт, працаўнікі якога паабяцалі даць прававую ацэнку ўчынкам усіх удзельнікаў здарэння.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары