“Пінскдрэў”: Дзяржава прызначыла дырэктара, працаўнікі супраць


Працоўны калектыў абвінаваціў чыноўнікаў у замаху на прыватнае прадпрыемства.

ААТ “Пінскдрэў” сёння ўзначаліў Аляксандр Суднік. Генеральнага дырэктара прызначыла дзяржава, не атрымаўшы згоды акцыянераў.

Паводле кіраўніка дэпартаменту абслугоўвання кліентаў і сувязяў са СМІ Дзмітрыя Яковіча, папярэдняга генеральнага дырэктара, Ларана Арыніча, савет акцыянераў абраў на пэўны тэрмін. “І тэрмін гэты яшчэ не скончыўся. Зняць гендырэктара можа толькі той жа самы савет акцыянераў. Не канцэрн “Беллеспаперпрам”, які і раней спрабаваў зрабіць пэўныя высілкі ў гэтым плане, а менавіта савет акцыянераў. Альбо можа назіральны савет падтрымаць асабістае прашэнне аб адстаўцы”, – падкрэсліў спадар Яковіч.

Ён таксама нагадаў, што дзяржава не мае ніводнай акцыі прадпрыемства. Што датычыць канцэрну, дык у яго склад “Пінскдрэў” калісьці ўвайшоў на ўласную ініцыятыву і працягваў самастойна весці эканамічную, вытворчую і кадравую палітыку.

На прэтэнзіі працоўнага калектыву адрэагаваў старшыня канцэрну “Беллеспаперпрам” Уладзімір Шульга. “У першую чаргу, я хачу супакоіць працоўнікоў “Пінскдрэву” тым, што стратэгічна нічога не зменіцца. Таксама хачу пераканаць замежных інвестараў і суўладальнікаў прадпрыемстваў холдынгу, што ўваходзяць у склад “Пінскдрэву”, каб яны не перажывалі, што заўтра нехта скарыстаецца іхняю маёмасцю. Нічога такога не адбудзецца”, – напісаў ён у афіцыйным лісце да працаўнікоў “Пінскдрэву”.

Варта адзначыць, што паводле Указу прэзідэнта №2, прыватнае прадпрыемства “Пінскдрэў” забавязалі падпарадкавацца дзяржаўнаму канцэрну “Беллеспаперпрам”.

belsat.eu

Стужка навінаў