Беларусь прадае Расеі харчы за кошты, на 15–20 % вышэйшыя за сусветныя


Намеснік прэм’ер-міністра Міхаіл Русы распавёў, што нашая краіна “стабільна ўваходзіць у пяцёрку галоўных пастаўнікоў малочнай прадукцыі”, займаючы 4–5 % сусветнага гандлю.

“Дзякуючы стварэнню Мытнага саюзу і АЭП, адзінай тарыфнай абароне рынку, мы можам праводзіць экспарт у Расею прадукцыі за больш высокія кошты ў параўнанні з іншымі краінамі. Паводле вынікаў дзесяці месяцаў, калі ў свеце адбылося некаторае падзенне коштаў на некаторую харчовую прадукцыю, мы прадалі вышэй на 15–20 % адносна сусветных коштаў. Гэта сведчыць пра тое, што гэтыя прадукты якасныя і запатрабаваныя”, – адзначыў віцэ-прэм’ер на супольным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.

Паводле Русага, Беларусі ўсё ж даводзіцца канкураваць з еўрапейскімі ды новазеландскімі вытворцамі. І тут, на ягоную думку, праблема на ўзроўні абласцей, якія недапрацавалі стратэгіі продажаў на вонкавыя рынкі. Сёння 91 % экспартаванай прадукцыі экспартуецца ў краіны Мытнага саюзу.

Цягам апошніх трох гадоў Беларусь, вырабляючы каля 1 % сусветнага аб’ёму малака, “стабільна ўваходзіць у пяцёрку галоўных пастаўнікоў малочнай прадукцыі, займаючы 4–5 % сусветнага гандлю”.

Імпарт складае 14–15 % ёмістасці харчовага рынку Беларусі і “ёсць стымулятарам канкурэнцыі, павышэння якасці ды правядзення мадэрнізацыі”.

belsat.eu

Стужка навінаў