Беларусь лідар… у росце коштаў


Паводле вынікаў апошніх дзесяці месяцаў 2012 года нашая краіна заняла першае месца ў росце коштаў сярод краінаў былога СССР.

За студзень-кастрычнік кошты ў Беларусі павялічыліся ў сярэднім на 18,1 %, у Таджыкістане – на 6,1 %, Расеі – на 5,6 %, Кыргызстане – на 5 %, Казахстане – на 4,6 %, Эстоніі – на 3,8 %, Літве – на 3,1 %, Малдове – на 3 %, Латвіі – на 1,6 %.

У Арменіі ды Украіне кошты знізіліся на 0,3 %, у Грузіі – на 1,2 %, Азербайджане – на 2 %. Ва Узбекістане кошты за студзень-верасень павялічыліся на 3,3 %, у Туркменістане за першае паўгоддзе – знізіліся на 1,8 % (больш свежыя звесткі з гэтых дзвюх краінаў адсутнічаюць). У самаабвешчанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспубліцы кошты выраслі за дзесяць месяцаў на 9,2 %.

У кастрычніку кошты ў Беларусі павысіліся на 1,8 %. Гэта другі паказчык пасля Кыргызстану (1,9 %). Далей ідуць Арменія (1,2 %), Азербайджан, Казахстан (па 0,7 %), Малдова (0,6 %), Расея, Таджыкістан (па 0,5 %) і Эстонія (0,2 %). Не змяніліся кошты ў Грузіі, Латвіі ды Украіне, знізіліся ў Літве (на 0,2 %).

У 2011 годзе Беларусь заняла першае месца сярод краінаў былога СССР у росце спажывецкіх коштаў (108,7 %). З 1 да 20 лістапада 2012 года кошты павялічыліся на 1,4 %, з пачатку года – на 19,8 %.

Як кажуць эканамісты, у наступным годзе будзе не лягчэй. Беларусь мусіць выплаціць каля 3,6 млрд долараў вонкавай пазыкі, не кажучы ўжо пра тое, што Расея нагадвае пра фактычна скрадзеныя на “растваральніках” грошы. А гэтая сума можа скласці нават 2,5 млрд долараў.

belsat.eu

Стужка навінаў